Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.08.2017 14:59
  • Biegnij Stankiewicz.mp3
Бяжаць прапануюць Катажына Станкевіч і гурт Varius Manx.
www.pixabay.com

Я хачу вам прадставіць выканаўцу, якая пачала сваю кар’еру дзякуючы тэлевізійнаму музычнаму шоў. Дарэчы, Катажына Станкевіч ужо была госьцем гэтай рубрыкі, але сёньня яе адна з навейшых кампазыцый.

Крыху інфармацыі зь біяграфіі сьпявачкі. Нарадзілася ў 1977 годзе, пачала выступаць на музычнай сцэне ў 1995. Менавіта тады, маючы 18 гадоў, яна выступіла ў праграме «Шанец на посьпех». Яна прасьпявала песьню разам з гуртом Varius Manx і заняла першае месца. І праз год падмяніла вакалістку гэтага гурту, Аніту Ліпніцкую. Varius Manx перажыў, бадай, самы буйны росквіт сваёй кар’еры менавіта з Касяй Станкевіч у ролі вакалісткі. Пяць гадоў Станкевіч выступала з гэтым гуртом, а пазьней вырашыла спрабаваць рабіць самастойную кар’еру. І гэта ўдавалася ёй нядрэнна, але на 25-годзьдзе гурту Varius Manx Станкевіч згадзілася адправіцца разам з музыкамі ў канцэртную трасу, прысьвечаную юбілею, а цяпер яны рыхтуюць сумесную кружэлку.

Творчасьць Катажыны Станкевіч заносіцца ў разрад альтэрнатыўнага року. Гэта музычны стыль, створаны ў ЗША ў 80-ыя і 90-ыя гады ў апазыцыі да поп-музыкі. Важную ролю адыгрывае ў гэтым стылі гітара, а музыканты часта не зьвяртаюць вялікай увагі на якасьць гуку, у адрозьненьні ад поп-выканаўцаў, для якіх вельмі важнае чыстае гучаньне песьні.

Кампазыцыя, якую я вам сёньня прапаную, была напісаная адмыслова на Сусьветныя спартыўныя гульні, якія адбыліся нядаўна ва Ўроцлаве ў Польшчы. Гурт і Станкевіч атрымалі прапанову напісаць гімн мерапрыемства, і такім чынам паявілася кампазыцыя «Biegnij» (Бяжы). Сама Катажына кажа, што спорт для яе вельмі важны, але бегаць яна ня любіць. Можа таму гэтая песьня не такая энэргічная, якой павінен быць гімн спартыўнага чэмпіянату, прынамсі як крытыкуюць карыстальнікі інтэрнэту. А я прапаную ацаніць вам самім.

Tak jak w dawnej grze
Straciłeś ruch
Musisz cofnąć się
Niemoc klei się do stóp

Trochę już znam cię
Więc wiem
Nie zatrzymasz się
Tak jak ty w kolorach śnię

Biegnij teraz czas ucieka bezlitośnie
Zobacz przed tobą świat
Ach i jeszcze nie zapomnij się uśmiechnąć
Uśmiech poprawia twarz

Z przerażeniem i
Zachwytem sam
Znowu twarzą w twarz
Przecież byłeś tu nie raz

Swoje weź zalety w dłoń
Przecież tyle masz ile możesz z siebie dać

Так як у колішняй гульні – ты страціў свой ход. Табе прыйдзецца ісьці назад, слабасьць клеіцца да ног. Я цябе ўжо крыху ведаю, і таму разумею, што ты не затрымаесься. А я, як і ты, сьню каляровыя сны.

Бяжы цяпер, час прамінае бязьлітасна. Паглядзі – перад табою сьвет. Ах, і яшчэ не забудзь усьміхнуцца. Усьмешка папраўляе твар.

З жахам і захапленьнем ты зноў адзін на адзін, зноў тварам у твар. Ты ж быў тут ня раз. Вазьмі свае моцныя бакі ў далонь, ты столькі маеш, колькі можаш даць зь сябе.

Dawna gra – колішняя гульня або даўняя гульня. А вось як палякі кажуць на некаторыя элемэнты гульняў, напрыклад, настольных, якія, дарэчы, называюцца на польскай мове planszowe – ад слова plansza, што азначае клішэ або эстамп:

Straciłeś ruch – ты згубіў або страціў свой ход. Каб гульня была цікавейшай, прыдумваюцца розныя правілы (reguły, zasady) гульні, і адным з такіх правілаў бывае страта магчымасьці выканаць рух (зрабіць ход), альбо нават трэба cofnąć się – пайсьці назад.

W kolorach śnię – я сьню каляровыя сны або мае сны ў колерах.

Już znam cię – я цябе ўжо ведаю, я цябе ўжо пазнала. Што цікава, калі гаворка ідзе пра знаёмасьць людзей ці зь людзьмі, то ніколі паляк не скажа «Ja cię wiem» або «Wiem tego pana». Правільная форма гучыць так: «Ja cie znam, znam tego pana». А дзеяслоў wiedzieć выкарыстоўваецца ў іншым выпадку – калі гаворым пра кагосьці: wiem o tobie wszystko, wiem o tym panu wszystko.

Czas ucieka – час хутка ідзе, час хутка пралятае. Так людзі кажуць, калі ня могуць справіцца з абавязкамі або прыходзяць ім у галаву разважаньні пра тое, як хутка яны старэюць або як хутка растуць дзеці.

Uśmiech poprawia twarz – усьмешка папраўляе або паляпшае твар. А вось пра тое, ці ўсьмешка сапраўды паляпшае твар, можна спрачацца. Канешне, усьмешка робіць твар чалавека больш прывабным, але навукоўцы адкрылі, што калі хтосьці ўсьміхаецца, то нам здаецца, што ён старэйшы, чым на самой справе. Усё вельмі проста – усьмешка паказвае маршчынкі, якія дадаюць гадоў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт