Logo Polskiego Radia
Print

12 жніўня 1952 году - «ноч забітых паэтаў»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.08.2017 10:02
  • 12 жніўня 1952 году - «ноч забітых паэтаў».mp3
Амаль адразу пасьля вайны савецкая рэпрэсіўная машына абрынулася на галовы габрэяў.
Фуражка НКВД.Фуражка НКВД.forums-su.com

Амаль адразу пасьля Другой Сусьветнай вайны савецкая рэпрэсіўная машына абрынулася на галовы габрэяў, асабліва тых, хто займаў высокія пасады ў савецкай кіроўнай намэнклятуры й навуцы. Рэпрэсіі супраць габрэяў былі зьвязаныя перад усім з тым, што іх палітычная дзейнасьць, якая рэалізоўвалася Габрэйскім антыфашысцкім камітэтам (ГАК), пачала перашкаджаць ідэалягічным і палітычным плянам Сталіна. Пазыцыя габрэяў супярэчыла афіцыйнай пазыцыі адносна Вялікай Айчыннай вайны, бо менавіта ГАК пачаў гучна казаць пра галакост, які савецкія ідэолягі адмаўлялі, а таксама падымаць пытаньне пра пашырэньне культурных правоў габрэяў у СССР.

У студзені 1948 годзе ў Менску па загадзе Сталіна быў забіты кіраўнік ГАК Саламон Міхоэлс.

Празь некалькі месяцаў распачалася вялікая хваля рэпрэсіяў супраць выбітных габрэяў. Па рашэньню Палітбюро ЦК КПСС, па асабістаму распараджэньню Сталіна, быў распушчаны ГАК, які лічыўся цэнтрам антысавецкай прапаганды. Былі зачынены габрэйскія выдаўніцтвы, габрэйскія творчыя саюзы й арганізацыі, школы. У 1949 годзе быў зачынены Маскоўскі дзяржаўны габрэйскі тэатр, Беларускі дзяржаўны габрэйскі тэатр, тэатры ў Кіеве і Чарнаўцах. Пачалася прапагандысцкая кампанія супраць «касмапалітызму» накіраваная ў бок габрэяў. З бібліятэкаў выкідаліся кнігі габрэйскіх пісьменьнікаў, габрэяў таксама звальнялі з працы.

Напрыканцы 1949 году распачаліся арышты актывістаў ГАК.

Ссярод арыштаваных было многа паэтаў і пісьменьнікаў: Іцык Фэфэр, Пэрэц Маркіш, Вініямін Зускін, Саламон Лазоўскі. Усяго было арыштавана звыш 250 чалавек. Сьпіс падазраваных ахопліваў да 300 чалавек, сярод якіх былі Іл’яр Эрэнбург, Самуіл Маршак. У выніку сьледзтва таксама была арыштавана і жонка Вячаслава Молатава Паліна Жамчужная (Пэрл Карпоўская), за вельмі прыхільнае стаўленьне да габрэяў.

Была фабрыкаваная "Справа Габрэйскага антыфашысцкага камітэту". Асноўныя абвінавачваньні былі наступныя:

- габрэйскі буржуазны нацыяналізм;

- стварэньне антысавецкага нацыяналістычнага падпольля;

- дзяржаўная здрада;

- супраца з амэрыканскай выведкай.

У 1950 – 51 сьледзтва скончылася, большую частку арыштаваных прыгаварылі да доўгатэрміновага заключэньня ў лягерах. Некаторыя памерлі ў вязьніцах, не вытрымаўшы катаваньняў і зьдзекаў. 13 чалавек, кіраўніцтва ГАК былі прыгавораны да расстрэлу, які адбыўся 12 жніўня 1952 году і атрымаў назву «ноч забітых паэтаў».

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт