Logo Polskiego Radia
Print

19 жніўня 1991 адбыўся путч Янаева

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.08.2017 10:02
  • путч Янаева 1991.mp3
Гэта была няўдачная спроба часткі кіроўнай камуністычнай намэнклятуры спыніць развал Савецкага Саюза.
Путч у Маскве жнівень 1991 г.Путч у Маскве жнівень 1991 г.commons.wikimedia.org/David Broad, CC BY 3.0

Жнівеньскія падзеі 1991 году сталіся драматычным заканчэньнем у гісторыі існаваньня Савецкага Саюза.

Арганізацыя дзяржаўнага перавароту была няўдалай спробай часткі кіроўнай камуністычнай намэнклятуры сілай спыніць развал Савецкага Саюза.

Ужо ў 1990 годзе прыбалтыйскія рэспублікі абвясьцілі пра сваю незалежнасьць. Гэта паглыбіла працэс дэзынтэграцыі, нягледзячы на тое, што Масква пры дапамозе вайскоўцаў намагалася падавіць незалежніцкія выступленьні.

18 жніўня 1991 году групай вышэйшых кіроўных асобаў на чале зь віцэ-прэзыдэнтам СССР Генадзіем Янаевым быў створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы.

У склад яго ўвайшлі амаль усе тагачасныя міністры: кіраўнік КДБ – Уладзімір Кручкоў, міністар абароны Дзьмітры Язаў, міністар унутраных справаў – Барыс Пуго; старшыня Вярхоўнай Рады СССР – Анатоль Лук’янаў ды іншыя. Але трэба зазначыць, што яшчэ ў сакавіку 1991 году была створана адмысловая камісія з надзвычаныймі паўнамоцтвамі, кіраваць якой быў прызначаны Янаеў.

Мэтай дзеяньня гэтых палітыкаў была «стабілізацыя абстаноўкі ў краіне».

А таксама недапушчэньне падпісаньня новай саюзнай дамоўленасьці па ўтварэньні Саюза Сувэрэнных Дзяржаваў, якая прадугледжвала большую палітычную аўтаномію саюзных рэспублік. Першыя крокі па падпісаньні гэтай дамоўленасьці павінны былі адбыцца 20 жніўня 1991 году.

19 жніўня ўначы сябры ГКЧП падпісалі Пастанову №1 пра ўвядзеньне «надзвычайнага становішча».

У пастанове гаварылася аб забароне мітынгаў, дэманстрацыяў, шэсьцяў, дзейнасьці партыяў, якія перашкаджаюць нармалізацыі сытуацыі ў краіне. Памежныя войскі КДБ СССР заблякавалі дачу, на якой знаходзіўся прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. А 6 раніцы па ўсіх СМІ было аб’яўлена пра пераход прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Янаеву па прычыне няздольнасьці Гарбачова выконваць свае функцыі.

У Маскву былі ўведзены войскі, якія блякавалі асноўныя адміністрацыйныя будынкі. Тым ня менш, апазыцыйныя сілы, на чале якіх у той час стаяў Барыс Ельцын, які зьяўляўся прэзыдэнтам РСФСР, змаглі арганізаваць абарону «Белага дому» – дом ураду РСФСР. Урад Расеі абвясьціў пра неканстытуцыйнасьць дзеяньняў ГКЧП і заклікаў грамадзян да абароны дэмакратыі. Вельмі хутка на вуліцах сабраліся тысячы людзей, будаваліся барыкады.

ГКЧП не маглі ўзяць пад кантроль сытуацыю ў Маскве. Супрацьстаяньне скончылася 21 жніўня, у выніку загінулі 3 асобы.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт