Logo Polskiego Radia
Print

«На ровары па здароўе зь першай праграмай ПР»

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.08.2017 09:00
  • Ровар.mp3
На трасе слухачы могуць сустрэцца са спартсмэнамі, удзельнікамі алімпійскіх гульняў.
Foto: pixabay.com/CC0

Як штогод у летні пэрыяд Польскае радыё прапануе сваім слухачам праграму «Лета з радыёпрымачом». У рамках летніх перадач адбываецца канцэртная траса – у розных гарадах Польшчы ладзяцца канцэрты, падчас якіх выступаюць як зоркі музычнай эстрады, так і менш вядомыя выканаўцы. Што важна, уваход на ўсе канцэрты бясплатны.

Паралельна з праграмай «Лета з радыёпрымачом» праходзіць таксама акцыя «На ровары па здароўе зь першай праграмай ПР». На трасе слухачы могуць сустрэцца са спартсмэнамі-веласіпэдыстамі, удзельнікамі алімпійскіх гульняў Тадэвушам Мытнікам або Мечыславам Навіцкім.

Алімпійскі мэдаліст, трохразовы чэмпіён Эўропы ў веласпорце Тадэвуш Мытнік адзначае, што акцыі рэклямаваньня здаровага ладу жыцьця – гэта вельмі добрая ініцыятыва, а на сустрэчы з ім прыходзяць цэлыя сем’і.

Т. Мытнік: Моладзь, дарослыя, сем’і, нават з малымі дзецьмі. Для мяне гэта вялізная радасьць: гэтыя людзі зразумелі, што важная ня толькі праца, але таксама пяць хвілін для свайго здароўя. А ровар – гэта цудоўная машына, якая павязе нас туды, куды мы захочам. У Польшчы ўжо сапраўды добра разьвітая сетка веласіпедных дарожак, ёсьць добрыя ўмовы для язды. Гэта дадае аптымізму: мы сапраўды пачынаем клапаціцца пра сваё здароўе. Менш будзе чэргаў да лекараў, хай яны таксама адпачнуць. Канешне, сур’ёзныя хвароба трэба лячыць, але такія дробныя балячкі, як невялікі боль калена ці сьпіны, можа нават сам прайсьці дзякуючы руху.

Тадэвуш Мытнік адзначае, што дзякуючы спорту, ровару, здараюцца выпадкі аздараўленьня пасьля цяжкіх захворваньняў або няшчасных выпадкаў.

Т. Мытнік: На трасе нас наведала двое шахцёраў, прыехалі на роварах. Яны распавялі, што трапілі ў катастрофу – іх засыпала ў шахце 600 мэтраў пад зямлёй. У іх былі сур’ёзныя траўмы – паламаныя ногі, пашкоджаныя суставы. І менавіта дзякуючы руху, дзякуючы ровару, яны вярнулі сабе здароўе і магчымасьць рухацца. У сваю чаргу ў Катавіцах да нас прыйшло вельмі шмат людзей, у тым ліку шмат сем’яў. Ужо нават па дарозе, калі мы ехалі на роварах, да нас далучаліся людзі, каб з намі паехаць.

Ці вялікая гарачыня, якая здаралася апошнім часам – 30 градусаў і больш, гэта добры час, каб падарожнічаць на ровары? Меркаваньнем алімпійскага чэмпіёна, кожнае надвор’е добрае, але пры сьпёцы неабходна адпаведным чынам падрыхтавацца да дарогі, перш за ўсё падрыхтаваць сабе напоі.

Т. Мытнік: Напоі не павінны быць газаваныя. Лепш за ўсё ўзяць ваду – кіпячоную або мінэральную. Можам дадаць крыху лімоннага соку, некалькі лыжачак мёду. Лепш ня піць шмат, два-тры глыткі за адзін раз. Трэба падрыхтаваць таксама ежу. Нельга есьці шмат, але невялікія порцыі харчаваньня патрэбныя. Напрыклад, банан – парэзаць яго на кавалкі, загарнуць у фольгу, і такі адзін кавалак на раз. У крамах ёсьць таксама спэцыяльныя энэргетычныя батончыкі з мікраэлемэнтамі. Важна, каб есьці тады, калі нам яшчэ ня хочацца есьці. Калі арганізм высылае нам сыгнал голаду, то ўжо надта позна, нашы сілы ўжо аслабленыя. Канешне, усё залежыць ад трасы, якую мы выбралі, ці яна вельмі доўгая. Лепш плянаваць сабе трасу не ў кілямэтрах, а ў часе, скажам, на пачатак паўгадзіны ў адзін бок і паўгадзіны ў другі. І паступова павялічваць даўжыню, рыхтуючы арганізм да доўгіх вандровак на ровары.

Чэмпіён алімпійскіх гульняў Тадэвуш Мытнік нагадвае таксама, што спорт павінен быць рэгулярным, лепш палюбіць роварныя падарожжы, бег або іншы спорт, незалежна ад надвор’я й пары году. Тады наш арганізм паступова таксама прывыкне да фізычнай нагрузкі і яна будзе яму патрэбная круглы год, а ня толькі летам, у цёплыя свабодныя дні.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт