Logo Polskiego Radia
Print

Генная мутацыя выклікае ў людзей прагу падарожжаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.08.2017 11:14
Цікава, што гэты ж варыянт гена спрыяе рызыкоўным паводзінам.
pixabay.com

Чаму адны людзі любяць падарожжы і прыгоды, а іншыя нават водпуск праводзяць дома, кажучы, што ім ня трэба нікуды езьдзіць, – задае пытаньне «Newsweek Polska». На думку навукоўцаў, гэта перш за ўсё вынік дзейнасьці гена DRD4, а дакладней, яго мутацыі 7R, якая выклікае тугу па падарожжах і цікаўнасьць, як жывуць іншыя. Цікава тое, што гэта той жа варыянт гена, які спрыяе рызыкоўным паводзінам. А чалавек зьяўляецца адзіным млекакормячым, які імкнецца адкрываць невядомыя яму раней месцы.

Дасьледчыкі вылучылі некалькі тыпаў характару чалавека, якія залежаць ад узроўню нэўрамэдыятараў: дапаміну, сэратаніну і норадрэналіну. Тыя, у каго пераважае дапамін, шукаюць прыгоды і любяць адкрываць новыя месцы. А на ўзровень дапаміну ў мозгу ўплывае актыўнасьць гена DRD4, але ўсё залежыць таксама ад мутацыі дадзенага гена. Людзі з мутацыяй 7R спакойныя, любяць быць дома, а асобы з мутацыяй 4R і 2R шукаюць прыгоды, іх нудзіць стабілізацыя, у тым ліку стабілізацыя ў саюзах з супрацьлеглым полам. Падчас здрады яны адчуваюць прыемнасьць, падобную да той, якую даюць алькаголь, наркотыкі або азартныя гульні. Такі варыянт гена назіраецца ў кожнага пятага чалавека.

Гены і адпаведныя мутацыі – гэта не адзіныя фактары, якія ўплываюць на праяўленьне любові да падарожжаў. Меркаваньнем дасьледчыкаў, важнае таксама тое, што пэрыяд дзяцінства ў чалавека доўжыцца на многа даўжэй, чым у іншых жывёл, у тым ліку малпаў. У нас дзяцінства і маладосьць трываюць як мінімум 10 гадоў, у гарылаў і шымпанзэ – толькі тры-пяць гадоў. І таму ў людзей больш часу на бесклапотнае пазнаваньне сьвету і задаваньне сабе розных пытаньняў. А менавіта пошук адказаў на гэтыя пытаньні падштурхоўвае некаторых з нас да далёкіх падарожжаў.

Nesweek Polska/нг

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт