Logo Polskiego Radia
Print

Кракаўскія ўлады вырашылі пыласосіць вуліцы горада

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.08.2017 10:00
Летняе сонечнае надвор’е, калі доўга няма дажджу, таксама пагаршае якасьць паветра.
KrakówKrakówpixabay.com

Апошняй зімой у Польшчы шмат увагі прысьвячалася ў СМІ смогу – забруджанасьці паветра. Сытуацыя асабліва небясьпечная на поўдні краіны, між іншым у Кракаве, дзе многія жыхары абаграваюць свае дамы печкамі, спальваючымі вугаль і драўніну. Але, аказваецца, што паветра ў гэтым старажытным горадзе забруджанае ня толькі зімой. Улады вырашылі змагацца з праблемай пры дапамозе... пыласосаў.

У халодную пару году інтэнсіўна працуюць печкі, абаграваючы дамы і кватэры. Печкі, катлы, асабліва старой канструкцыі, выкідваюць у паветра шмат шкодных рэчываў. Таму зразумела, што паветра часта забруджанае. Але цяпер на двары лета, здавалася б, што паветра павінна быць чыстае і карыснае для самаадчуваньня. На жаль, гэта не заўсёды так. Летам таксама здараюцца дні, калі паветра ў гарадах шкодзіць нашаму здароўю.

Асабліва небясьпечны для чалавека вельмі дробны пыл. Ёсьць такі паказчык – ПМ 10. Гэта пыл, які меншы за 10 мікрон. Ён на столькі дробны, што нашы бронхі яго ня могуць затрымаць, і ён трапляе празь лёгкія ў кроў. Экспэрты падлічылі, што дым з комінаў – гэта не адзіная крыніца забруджваньня паветра. Каля 10% – гэта пыл, які падымаецца з дарог і тратуараў, а вецер кідае яго прама ў твары прахожых, жыхароў і турыстаў.

Вельмі актыўна з брудным паветрам змагаюцца ў Кракаве. Гэта і ня дзіўна, бо гэты цудоўны горад лічыцца адным з самых забруджаных у гэтым пляне ў Польшчы, а яго ж вельмі ахвотна наведваюць замежныя турысты. Некалькі тыдняў таму, у разгар летняга сэзону, жыхары і госьці Кракава былі зьдзіўленыя паведамленьнем, што ўзровень запыленасьці паветра ў цэнтры горада ў некалькі разоў перавысіў норму. Такія паведамленьні паяўляюцца як правіла толькі зімою. Аказваецца, што добрае, сонечнае надвор’е, калі доўга няма дажджу, таксама пагаршае якасьць паветра. Гаворыць Анна Дваракоўска з руху Alarm smogowy (Смогавая трывога).

А. Дваракоўска: У летнім сэзоне, калі коміны не выкідваюць дыму, галоўным фактарам забруджваньня паветра зьяўляюцца аўтамабільны рух і вулічны пыл. На самых забруджаных вуліцах у цэнтры горада аўтамабілі адказваюць у сярэднім за адну пятую забруджанасьці паветра пылам ПМ 10. Каля паловы забруджваньняў – гэта пыл, які падымаецца з вуліц.

Ужо некалькі гадоў таму ўлады Кракава вырашылі актыўна змагацца з праблемай. Па горадзе курсіруе 30 мыючых машын і аўтамабіляў зь вялікімі шчоткамі, якія зьбіраюць пясок, бруд і пыл. А два тыдні таму горад набыў новую зброю – гэта вялікія вулічныя пыласосы вагай у 400 кіляграмаў. Пыласос зьбірае бруд пры дапамозе вялікага шлянгу з вугальнага валакна. Пыласос абсталяваны адпаведнымі фільтрамі, якія затрымліваюць пыл і бруд, – распавядае Пётр Адорчук з кракаўскага Прадпрыемства ачысткі горада.

П. Адорчук: Гэта тэхніка, якая прыйшла на зьмену дворніку зь мятлой. У пыласосе ёсьць фільтры, якія затрымліваюць бруд. Мяшок, дзе зьбіраецца бруд і пыл, зьмяшчае 240 кіляграмаў. Гэта стандартны кантэйнэр, які стаіць перад кожным домам у прыватным сэктары.

Горад намераны купіць два такія пыласосы, якія будуць чысьціць вуліцы ў цэнтры Кракава. Летні пыл можа быць прычынай забруджанасьці паветра, але і так у цёплую пару года паветра, якім мы дыхаем, на многа лепшай якасьці, чым зімою, – адзначае Анна Дваракоўска.

А. Дваракоўска: Калі б круглы год у нас было такое паветра, як летам, то мы былі б вельмі шчасьлівымі людзьмі. Летняе паветра нават у Кракаве адпавядае ўсім нормам якасьці паветра, якія прыняў Эўрапейскі Зьвяз.

У жніўні ў Кракаве норма забруджанасьці паветра не адпавядае стандартам толькі некалькі дзён, а ў студзені толькі тры дні паветра было нарматыўным. Тым ня менш, летам таксама паветра можна ачысьціць, хаця б такім пыласосам. На адрэзку аднаго толькі кілямэтра на адной з вуліц Кракава ўдалося пры дапамозе пыласоса сабраць дзьве тоны пылу.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт