Logo Polskiego Radia
Print

Хрысьціянскія цэрквы адзначаюць "экалягічны дзень"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.09.2017 15:39
  • Царква і экалёгія.mp3
1 верасьня ў каталіцкай і праваслаўнай цэрквах адзначацца Дзень малітваў за ахову прыроды.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёлета «экалягічны дзень» у цэрквах адзначаецца трэці раз.

У гэты дзень Папа рымскі Францішак і праваслаўны Патрыярх Канстантынопаля Варфаламей агучылі адмысловы зварот. Галава Каталіцкага касьцёла і духоўны лідар праваслаўя, экумэнічны Патрыярх Канстантынопаля зрабілі гэта разам упершыню.

Францішак: З гэтай нагоды я і дарагі брат Варфаламей, экумэнічны Патрыярх Канстантынопаля, падрыхтавалі разам зварот. У ім мы заахвочваем усіх шанаваць прыроду і быць адказнымі ў дачыненьні да яе. Мы таксама заклікаем уплывовых асоб пачуць просьбы Зямлі і просьбы бедных, якія больш за ўсіх церпяць па прычыне экалягічнай нераўнавагі.

У дакумэнце гаворыцца, што Бог з самага пачатку хацеў, каб чалавецтва прымала ўдзел у ахове і клопаце над навакольным асяродзьдзем. Таму ўсе адказваюць за стан прыроды. На жаль, па прычыне граху чалавек не шануе прыроду як агульнага дару. Наадварот, чалавек пануе над прыродай.

Аўтары звароту нагадваюць, што наступствы экалягічнага крызысу найперш адчуваюць найбяднейшыя жыхары плянэты. Францішак і Варфаламей заклікаюць шанаваць усіх людзей і ўсе жывыя стварэньні. Яны зазначаюць, што ўсё чалавецтва павінна прадпрыняць крокі на карысьць устойлівага і інтэгральнага разьвіцьця.

Духоўныя лідары заклікаюць уплывовых людзей і кіраўніцтва дзяржаваў падтрымаць захады па абароне прыроды. Паводле іх, змаганьне з кліматычнымі зьменамі і экалягічным крызысам ня будуць эфэктыўнымі пакуль пазыцыя ўсіх краін ня будзе ўзгодненая і агульная.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт