Logo Polskiego Radia
Print

Вяртаецца пытаньне забароны нядзельнага гандлю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.09.2017 15:14
У Польшчы ўзьнікла новая ідэя – забараніць продаж толькі ў некаторыя нядзелі месяца.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польскія прафсаюзы ўжо здаўна змагаюцца за ўвядзеньне забароны гандляваць у нядзелю, пакуль што безвынікова. «Dziennik Gazeta Prawna» піша, што ў кіруючых колах узьнікла новая ідэя – забараніць продаж толькі ў некаторыя нядзелі месяца. Спачатку забарона была б уведзеная на гандаль цягам двух нядзель месяца, а крыху пазьней – трох.

Гэта вынік прэсінгу з боку прафсаюзаў і касьцельных дзеячаў, якім не падабаецца тое, што Сэйм усё яшчэ не заняўся разглядам грамадзянскага законапраекту па забароне гандлю ў кожную нядзелю. Усё ж такі кампраміс цяжка будзе знайсьці. Прафсаюзы страчваюць цярпеньне, паколькі іхні законапраект здаўна ляжыць у Сэйме і не разглядаецца, а працадаўцы выступілі з уласнай ініцыятывай – каб кожны працаўнік атрымаў гарантыю на дзьве свабодныя нядзелі ў месяц. На думку міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбеты Рафальскай, дзьве абавязкова свабодныя нядзелі ў месяц для кожнага – гэта добры кампраміс.

Законапраект, падрыхтаваны прафсаюзам Салідарнасьць, забараніў бы гандаль ва ўсе нядзелі, з выключэньнем сямі дзён на працягу года, між іншым, перад сьвятамі Божага нараджэньня і Вялікадня. Прадстаўнікі прафсаюзу выказваюць боязі, што кіруючыя сілы прадстаўляюць чарговыя праекты, каб праверыць рэакцыю прыхільнікаў забароны нядзельнага гандлю, ці яны гатовыя ісьці на саступкі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт