Logo Polskiego Radia
Print

"Раптоўных атмасфэрных зьяў будзе ўсё больш"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 16.09.2017 15:12
  • Раптоўных атмасфэрных зьяў будзе ўсё больш.mp3
Халодны пачатак восені – гэта нічога надзвычайнага для ўмеранага клімату.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.

Халодны пачатак восені – гэта нічога надзвычайнага для ўмеранага клімату. У будучыні раптоўных атмасфэрных зьяў будзе ўсё больш. А смог супрацьдзейнічае ацяпленьню клімату.

На гэтыя ды іншыя тэмы мы размаўляем з кандыдатам навук з Інстытута фізыкі і атмасфэры Варшаўскага ўнівэрсытэту Кшыштафам Марковічам. І пачнем з вельмі надзённай праблемы, а менавіта халодным пачатку верасьня.

К. Марковіч: Верасень у гэтым годзе зьяўляецца выключным. Апошнія гады крыху нас расьпесьцілі, калі гаварыць пра надвор’е ў верасьні, паколькі пераважна было шмат сонца, высокія тэмпэратуры. У гэтым годзе сытуацыя іншая. Цяжка знайсьці адказ на пытаньне: «Чаму?». Здаецца, усё проста – гэта наш клімат.

Аднак ня толькі восень нас не расьпесьціла, але лета таксама не было ідэальным.

К. Марковіч: Калі на апошняе лета паглядзець з пункту гледжаньня кліматалёгіі, то яно не было ажно такім кепскім. Тэмпэратуры не былі нізкімі. Былі таксама сьпёкі, хоць нават у рамках адной краіны тэмпэратура ў рэгіёнах моцна адрозьнівалася. Аднак калі глядзець у сярэднім, то гэтае лета не адрозьнівалася ад сярэднестатыстычнага. У нашым клімаце летам могуць паяўляцца некалькі дзённыя ападкі дажджу і больш халодныя дні, а ўсё можа быць пераплецена сьпякотай.

Раптоўныя навальніцы, якія прайшлі над рэгіёнам, таксама не зьяўляюцца нічым надзвычайным. Мэтэаролягі гавораць аб тым, што ў будучыні такіх раптоўных атмасфэрных зьяваў будзе значна больш. У Польшчы не ўдалося папярэдзіць насельніцтва аб надыходзячых бурах, якія прынесьлі столькі страт і зьнішчэньняў. У сваю чаргу амэрыканцы змаглі эвакуіраваць мільёны людзей перад ударам цыклёну.

К. Марковіч: Я думаю, што калі б амэрыканцы мелі дачыненьне з такой жа сытуацыяй як у нас, то было б падобна. Трапікальны цыклён значна прасьцей прагназаваць, паколькі гэта працэс, які працягваецца некалькі дзён. «Ірма» рухалася з хуткасьцю 10 км/г. Не складана прадугледзець, дзе гэты цыклён будзе праз некалькі гадзін. А бура мае настолькі вялікую дынаміку, што нават хвіліны адыгрываюць значэньне.

Ці можна было прагназаваць за некалькі гадзін буры, якія спустошылі сёлета частку польскай тэрыторыі?

К. Марковіч: Канешне. Ужо за некалькі дзён было вядома, што над Польшчай пройдуць гвалтоўныя атмасфэрныя зьявы. За 2-3 гадзіны ўжо было бачна, што набліжаецца. Цяпер ёсьць дастаткова добрая сыстэма маніторынгу мэтэаралягічных умоваў – спадарожнікавая ці наземная.

На вуліцы холадна, у бліжэйшыя дні зьмен на лепшае не назіраецца. Што ў такім выпадку з ацяпленьнем клімату?

К. Марковіч: Гэта стала стандартным пытаньнем. Як толькі за вокнамі становіцца крыху халадней, то такое пытаньне адразу ўзьнікае. Канешне, ацяпленьне клімату ёсьць. Тут няма ніякіх сумневаў. У нашым рэгіёне тэмпэратура ў сярэднім расьце на ўзроўні 1/4 градуса ў дзесяць гадоў. Трэнд не мяняецца некалькі апошніх гадоў, тут няма ніякіх сумневаў. У сьвеце ёсьць месцы, дзе тэмпэратура расьце яшчэ хутчэй. Напрыклад, у палярных абшарах гэтая дынаміка яшчэ горшая, дадзеныя вельмі дрэнныя. У будучыні нізінныя тэрыторыі будуць мець клопаты. Усё ж гэта не працэс, які наступіць праз год ці два. Вада падымаецца ў тэмпе 3 мм у год. Гэта няшмат. У бліжэйшым часе прагназуецца, што працэс будзе хутчэйшым, але ня будзе так, што ўзровень акіяну будзе падымацца на мэтар у год. Гэта нерэальна.

Ці можна прагназаваць якой будзе зіма, ці будзе сьнег, моцныя маразы?

К. Марковіч: Не. Сусьветная навука бездапаможная, калі казаць пра ўмераны клімат і доўгія прагнозы надвор’я. Лічыцца, што верагоднымі зьяўляюцца прагнозы максымальна да 10 дзён. Гэта максымальны пэрыяд, у якім можна гаварыць, што будзе адбывацца. Калі глядзець на даўжэйшую колькасьць дзён, то можна гаварыць толькі пра трэнды. Клімат нашага рэгіёну пераходны. Гэта значыць, што надвор’е патрапіць нас зьдзівіць.

Неўзабаве распачнецца абагравальны сэзон, а разам з ім вернецца смог. Ці смог мае ўплыў на надвор’е?

К. Марковіч: Гэта цяпер інтэнсіўна дасьледуецца. Але вядома, што забруджаньні, якія трапляюць у атмасфэру дапамагаюць узьнікаць воблакам. Гэта можа здавацца дзіўным, але калі б не забруджаньні на зямлі, то воблакаў не было б. Але для гэтага не патрэбна забруджваньняў, якія ствараюць людзі. Для гэтага хапае забруджваньняў, якія ёсьць у самой прыродзе. Мала хто пра гэта ведае, але смог з кліматалягічнага пункту гледжаньня супрацьдзейнічае ацяпленьню клімату. Чым больш смогу, тым халадней на зямлі. Апошнімі гадамі гэтая зьява вельмі інтэнсіўна вывучаецца.

Дзякуем за размову.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт