Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.09.2017 15:00
  • Most Kazik.mp3
Казік і квартэт ПроФорма прапануюць прыйсьці на мост.
www.pixabay.com

У гэтай перадачы прагучыць песьня чалавека, які не саромеецца сваіх поглядаў, адкрыта іх выказвае, хоць яны падабаюцца далёка ня ўсім. Тым ня менш, абсалютна немагчыма абмінуць творчасьць гэтай асобы, распавядаючы пра польскую музычную сцэну. Гаворка ідзе пра Казіка, інакш – Казімежа Пятра Сташэўскага (Kazimierz Piotr Staszewski), які выступае на эстрадзе ўжо некалькі дзесяткаў гадоў. Як ён сам кажа, зарабіў ужо на столькі многа грошай, што мог бы жыць з працэнтаў, але не сумеў бы, ня мог бы адмовіцца ад сцэны.

Казік нарадзіўся ў Варшаве ў 1963 годзе. Яго бацька Станіслаў Сташэўскі быў паэтам і бардам, напісаў тэксты некаторых песьняў Казіка. Дарэчы, сам музыкант таксама піша вершы, многія яго песьні – сапраўдная Паэзія зь вялікай літары. Вывучаў сацыялёгію, але вучобу кінуў. Трэба сказаць, што розныя падзеі ў жыцьці Казіка адбываліся раней, чым у жыцьці пераважнай большасьці людзей. Рана страціў бацьку, рана сам стаў бацькам, а пазьней дзядулям, хутка заснаваў свой першы музычны калектыў, хаця ён ня стаў такім славутым, як чарговы гурт аўтарства Казіка. Яго Сташэўскі назваў „Культ” (Kult), і тут ён быў сапраўдны прарокам, бо насамрэч "Культ" стаў культавым калектывам.

Нягледзячы на паэтычныя, а нават інтэлектуальныя тэксты песьняў Казіка, ён сам ня робіць уражаньня чалавека, далёкага ад мас. Выглядае проста, паводзіць сябе проста, адкрыта распавядае пра свае праблемы з законам, антыпатыю да каталіцкага касьцёла (гэта, праўда, хутчэй не прыносіць яму вялікай папулярнасьці).

Гурт "Культ" запісаў шмат культавых кампазыцый, але цяпер Казік выступае з квартэтам, якія называецца ПроФорма (насамрэч у склад квартэту ўваходзіць пяць музыкантаў, а не чатыры). І менавіта гэтым калектывам запісаная песьня, якую я вам прапаную. Называецца яна «Мост».

Na skraju nocy pochylony
ślepe źrenice karmię ciszą
Księżyce latarń odwróconych
W zwierciadle Wisły się kołyszą

Spojrzeniem wbitym w pustki mgliste
W czarnym daleku szukam Ciebie
Nie sięga myśl, a wiatr ze świstem
Dmie w balustrady zimny grzebień

Jest noc, noc jest, noc przeraźliwa
Na Mariensztacie kurant dzwoni
Z tętniącą krwią mi w serce spływa
Wspomnienie Twojej chłodnej dłoni

Nie musisz wcale mnie pokochać
W ogóle - cóż jest miłość warta!
Chcesz, to przyjdź ze mną nocą szlochać
Na most, o balustradę wsparta

Popatrzysz kiedy dzień powróci
W oczy, po prostu rozżalone
I wtedy razem ze mną rzucisz
Przekleństwo nocy rozgwieżdżonej

На краю ночы пахілены я кармлю пустыя зрэнкі цішынёй. Месяцы ліхтароў адвернутых у люстры Віслы калыхаюцца.

Позіркам, накраваным на туманныя пустэчы, у чорным далёку шукаю Цябе. Не сягае думка, а вецер са сьвістам дзьме ў балюстрады халодны грэбень.

Ёсьць ноч, ноч ёсьць, ноч жахлівая. На Марыенштаце званіць курант. З пульсуючай крывёй сплывае мне ў сэрца ўспамін тваёй халоднай далоні.

Табе ня трэба абавязкова мяне пакахаць, агулам – чаго вартае каханьне! Хочаш – то прыйдзі са мною ноччу рыдаць на мост, апіраючыся на балюстраду.

Паглядзіш, калі дзень вернецца, у вочы, проста журботныя. І тады разам са мной кінеш праклён зорачнай ночы.

Слухачы ў Польшчы высока ацанілі гэтую кампазыцыю, якая доўга займала першае месца ў хіт-парадзе Трэцяй праграмы ПР. Лепш, канешне, чытаць верш у арыгінале (або слухаць), паколькі перакладаю я даслоўна, напэўна тэкст нешта губляе. А зараз прапаную выбраць некалькі элемэнтаў верша, на якія варта зьвярнуць увагу.

W zwierciadle Wisły – у люстры Віслы. Словы lustro i zwierciadło – гэта сынонімы, і адно, і другое азначае беларускае люстра, але польскае lustro ня мае іншых адценьняў значэньня, чым толькі люстра, а вось zwierciadło – гэта нешта большае, гэты выраз часта ўжываецца ў паэтычных тэкстах, кажуць, што «Oczy są zwierciadłem duszy», а не «Oczy są lustrem duszy». І калі гаворка ідзе пра такую паэтычную форму, як люстра Віслы (ракі), то тут, канешне, лепш гучыць zwierciadło, чым lustro. Але ў звычайнай гутарковай мове, калі б мы сказалі замест lustro zwierciadło, то гэта магло б прагучаць сьмешна.

W czarnym daleku – у чорным далёку. Казік Сташэўскі, як здараецца паэтам, сам стварае ўласныя словы. І дадзенае словазлучэньне – доказ яго такой творчасьці.

Na Mariensztacie kurant dzwoni – на Марыенштаце званіць курант. Марыенштат – гэта адзін з гістарычных мікрараёнаў польскай сталіцы, частка раёну Sródmieście. Гэта самая малая адміністрацыйная адзінка Варшавы. Назоў паходзіць зь нямецкай мовы – Горад Марыі. Справа ў тым, што калісьці Марыенштат належаў сям’і Патоцкіх, у тым ліку Марыі Патоцкай. Але ў часы Другой сусьветнай вайны забудова мікрараёну была амаль поўнасьцю зьнішчана.

Oczy rozżalone – вочы, поўныя жалю, вочы журботныя. Слова rozżalony мае даволі шырокае значэньне. Гэта і журботны, і пакрыўджаны, і той, у каго ўзьнікаюць нейкія прэтэнзіі ў адносінах да кагосьці або чагосьці.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт