Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.09.2017 10:00
  • Poczuj luz Bednarek.mp3
Каміль Бэднарэк і яго аптымістычная песьня "Адчуй свабоду".
www.pixabay.com

Сёньня я хачу вам прадставіць творчасьць маладога польскага выканаўцы зь цікавым псэўданімам MaccaBraa (пол. makabra – жах, страх). На самой справе песьні гэтага музыканта, якога завуць Каміль Бэднарэк (Kamil Bednarek), зусім ня страшныя, прынамсі тая, якую я выбрала ў перадачу.

Каміль Бэднарэк нарадзіўся ў 1991 годзе ў невялікай мясцовасьці Бжэг (Brzeg) на паўночным захадзе Польшчы. Вельмі хутка пачаў выступаць на сцэне, ва ўзросьце 17 гадоў заснаваў разам з сябрамі свой першы музычны калектыў Star Guard Muffin, які праз год з пачатку дзейнасьці выдаў свой першы кампакт.

Бэднарэк у 2010 годзе ўдзельнічаў у другім выданьні тэле-шоў «У мяне ёсьць талент!», заняў другое месца ў фінале. Агулам ягоная кар’ера ідзе наперад вельмі хуткімі тэмпамі, настолькі хутка, што ў музыканта нават не знайшлося часу, каб здаць іспыты на атэстат сталасьці. Але, як гаворыць сам Каміль, можа калісьці да гэтай тэмы яшчэ вернецца, а пакуль што такі дакумэнт яму зусім не патрэбны.

Каміль даволі сур’ёзна падыходзіць да сваёй творчасьці, нават бачыць у ёй нейкую задачу, дапамогу людзям. Ён расказваў у адным з інтэрвію, што да яго часам падыходзяць пасьля канцэртаў людзі і кажуць, што ягоная музыка дапамагае ім жыць або нават перасьцерагла перад нейкім страшным, неадваротным крокам.

Пясьняр стараецца таксама дапамагаць маладым таленавітым асобам са свайго роднага гораду, якія хацелі б разьвівацца ў напрамку музыкі, сцэнічных выступаў. Грашовую ўзнагароду за перамогу ў адным з конкурсаў ён перадаў фундацыі «Разьвіцьцё», якая займаецца падтрымкай маладых таленавітых людзей у горадзе Бжэг.

Песьня, якая прагучыць сёньня, была запісаная ў рамках прамоушэн акцыі аднаго з салодкіх напояў, але не скажу якога, каб не рабіць рэклямы. Важна, што яна прыносіць крыху радасьці і аптымізму ў гэтыя асеньнія дні. Называецца кампазыцыя «Адчуй свабоду».

To regeneracja radości
Z głośników płynie no stress
Uwolnimy w Tobie co najlepsze
Poczuj luz
Co nie zabije – wzmocni
Ty wiesz, oddychamy tym samym powietrzem

Więc odkrywaj, przeżywaj
By móc wspominać każdą z pięknych chwil
Poczuj luz
Czas nie odpoczywa
Więc Viva Ventura
W górę zaciśnięta pięść

Poczuj luz
Muzyką wypełnij dzień
To antidotum na stres
W pogoni za marzeniami oddychaj wyobraźnią
Poczuj luz
Muzyką wypełnij dzień
To antidotum na stres
W pogoni za marzeniami oddychaj zawsze prawdą

Pamiętaj nie ważne gdzie
Ważna atmosfera
Prawdziwi przyjaciele
Ale nie grubość portfela
Poczuj luz
Bądź przykładem jak życie doceniać
Podążając drogą spełnienia

Więc odrywaj, przeżywaj
By móc wspominać każdą z pięknych chwil
Gdzieś w tobie drzemią pokłady kreatywności
Czas korzystać z nich

Гэта рэгенэрацыя радасьці, з калёнак гучыць «no stress». Давайце вызвалім у сабе тое, што самае лепшае. Адчуй свабоду. Што цябе не заб’е – тое ўзмоцніць. Ты ведаеш – мы дыхаем адным і тым жа паветрам.

І таму адкрывай, перажывай, каб магчы ўспамінаць кожную цудоўную хвіліну. Адчуй свабоду. Час не адпачывае, і таму Viva Ventura (Жыве шчасьце). Уверх заціснуты кулак.

Адчуй свабоду, музыкай напоўні дзень. Гэта антыдотум (супрацьядзьдзе) на стрэс. У гонцы за марамі дыхай фантазіяй. Адчуй свабоду, музыкай напоўні дзень, гэта антыдотум на стрэс. У гонцы за марамі заўсёды дыхай праўдай.

Памятай – ня важна, дзе. Важная атмасфэра, сапраўдныя сябры, а не таўшчыня гаманца. Адчуй свабоду. Будзь прыкладам, як цаніць жыцьцё, ідучы па шляху самарэалізацыі.

І таму адкрывай, перажывай, каб магчы ўспамінаць кожную цудоўную хвіліну. Дзесьці ўнутры цябе дрэмлюць залежы крэатыўнасьці, пара імі карыстацца.

Ёсьць у гэтай песьні некалькі словаў або словазлучэньняў, вельмі характэрных для польскай мовы.

Poczuj luz – адчуй свабоду, расслабленьне. Вельмі часта ад палякаў можна пачуць такія фразы, як «Wyluzuj, daj sobie na luz, luzik» і гэтак далей. Асабліва папулярныя гэтыя словы сярод моладзі. Што гэта азначае? Па-беларуску можна было б сказаць « расслабся, супакойся, не перажывай так моцна, спакойна». Як бачыце, слова luz, якое я пераклала як «свабода», мае даволі шмат значэньняў у польскай мове. Акрамя моладзевага жаргону, гэтае слова мае таксама зусім нэўтральнае значэньне, зьвязанае з аўтамабільнай лексыкай. Luz – гэта нэўтральная перадача, калі машына ня рухаецца зь месца.

Z głośników płynie – з калёнак гучыць. У Польшчы плыве ня толькі вада ў рацэ, але таксама музыка можа плысьці з калёнак, з радыё ці з сотавага тэлефону.

Przeżywaj – перажывай. Тут маецца на ўвазе не перажываць у значэньні «хвалявацца чымсьці», а перажываць нейкія прыемныя моманты свайго жыцьця, якія пазьней будуць міла ўспамінацца.
W pogoni za marzeniami – у гонцы за марамі. Сучасны чалавек гоніцца ня толькі за грашыма, за важнымі пасадамі ці кар’ерай. Мары таксама могуць быць прадметам жаданьняў і гонкі. Канешне, найлепш гнацца за тымі марамі, якія магчыма ажыцьцявіць.

Grubość portfela – таўшчыня партманэ, гаманца, кашалька - прадмета, у якім людзі трымаюць грошы, дакумэнты ды крэдытныя карткі. Многія беларусы маглі б зразумець, што portfel – гэта партфэль, інакш – дзелавая торба для пераносу папер, дакумэнтаў. Дарэчы, у часы майго дзяцінства школьныя заплечнікі таксама называлі ў Менску партфэлямі. Але такая дзелавая торба, з якой ходзяць дарослыя, называецца ў Польшчы aktówka.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт