Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.10.2017 16:02
  • Do polityka Szałapak.mp3
Анна Шалапак усьлед за Чэславам Мілашам зьвяртаецца да палітыка.
www.pixabay.com

Сёньня я хачу вам прапанаваць кампазыцыю пясьняркі, якая, на жаль, ніколі ўжо ня выступіць на сцэне. Гаворка ідзе пра Анну Шалапак (Anna Szałapak), якая была артысткай прэстыжнага музычнага клюбу Кракава «Piwnica pod baranami», тэксты і музыку пісалі для яе найлепшыя паэты і кампазытары. 14 кастрычніка музыканткі ня стала. Ёй было 65 гадоў, яшчэ ня той час, каб сыходзіць на той сьвет, але цяжкая хвароба аказалася мацнейшай.

Прыхільнікі творчасьці Шалапак запомняць яе перш за ўсё ў ролі выканаўцы гэтак званай сьпяванай паэзіі. Жыла ў сваім любімым Кракаве, дзе пачалося і закончылася яе жыцьцё. Была ня толькі музыканткай, вучылася на факультэце этналёгіі, танцавала ў ансамблі народнага танца. Абараніла нават доктарскую дысэртацыю, датычную кракаўскага фальклёру. Так што была ня толькі сьпявачкай, але і навукоўцам. За сваю сцэнічную дзейнасьць і працу на карысьць польскай культуры атрымала важную дзяржаўную ўзнагароду – Кавалерскі крыж адраджэньня Польшчы.

Як я ўжо сказала, тэксты для Анны Шалапак пісалі выбітныя паэты: Чэслаў Мілаш, Агнешка Асецка, Эва Ліпска, таксама музыку да яе песьняў стваралі знакамітыя кампазытары: Зьбігнеў Прайзнэр, Ян Канты Паўлюськевіч, Зыгмунт Канечны. У тым ліку і песьня, якую я вам сёньня прапаную, напісаная Чэславам Мілашам – выбітным паэтам, які нарадзіўся на тэрыторыі сёньняшняй Летувы, называў сябе літоўцам, такім жа, як Адам Міцкевіч. Так што і беларусам ён блізкі. А называецца песьня «Да палітыка».

Kto ty jesteś, człowieku
Zbrodniarz, czy bohater?
Ty, którego do czynu wychowała noc
Oto starca i dziecka
W ręku dzierżysz los
I twarz twoja zakryta
Jak Golem nad światem
Kto ty jesteś, człowieku?

Czy obrócisz w popioły
Miasto czy ojczyznę?
Stój! Zadrżyj w sercu swoim
Nie umywaj rąk
Nie oddawaj wyroku niespełnionym dziejom
Twoja jest waga
I twój jest miecz
Ty ponad ludzką troską
Gniewem i nadzieją
Ocalasz albo gubisz Pospolitą Rzecz

Ciemność nadchodzi
Gwarne miasta i pola
Kopalnie, okręty
Na twojej dłoni ludzkiej
Jakże ludzkiej
Patrz: linia twego życia
Tędy będzie szła

Trzykroć błogosławiony
Po trzykroć przeklęty
Władco dobra lub zła
Władco dobra, albo władco zła
Kto ty jesteś, człowieku?

Хто ты, чалавек? Злачынец ці герой? Ты, каго да ўчынку выхавала ноч, вось старыка і дзіцяці ў руках трымаеш лёс. І твар твой закрыты, як Галем над сьветам. Хто ты, чалавек?

Ці абернеш у попел горад ці Айчыну? Стой, задрыжы ў сваім сэрцы, не ўмывай рук, не аддавай выраку нязьдзейсьненым падзеям. Твая вага і твой меч. Ты над чалавечым клопатам, гневам і надзеяй ратуеш або губіш Паспалітую Рэч.

Цемра надыходзіць. Гаманлівыя гарады і палі, шахты, караблі на тваёй людзкой далоні, наколькі людзкой! Глядзі: лінія твайго жыцьця сюдой будзе ісьці.

Тройчы бласлаўлёны, тройчы пракляты. Уладар дабра або зла, уладар дабра або ўладар зла. Хто ты, чалавек?

Kto ty jesteś, człowieku? – хто ты, чалавек, – пытаецца Чэслаў Мілаш у гэтым вершы. Нагадаю, называецца кампазыцыя і верш «Да палітыка». Розныя бываюць палітыкі, як розныя агулам людзі, але, як кажуць, палітыка – гэта брудная рэч, паколькі ўлада выключна хутка разбэшчвае людзей, у якіх былі задаткі да дэмаралізацыі. У палітыку павінны ісьці крыштальна чыстыя адзінкі ў маральным пляне. Але, як усе ведаюць, далёка не заўсёды так бывае. Але я зьвярну ўвагу на форму гэтага пытаньня – хто ты ёсьць, чалавек? Чаму не «Kim ty jesteś, człowieku?». Відаць, першы варыянт гучыць мацней, а з граматычнага пункту гледжаньня магчымы і адзін, і другі.

Zbrodniarz czy bohater – злачынец ці герой. Мяне цікавіць слова zbrodniarz. Ёсьць таксама на польскай мове слова przestępca, што таксама азначае злачынца, але ў больш нэўтральным гучаньні. Канешне, кожны zbrodniarz зьяўляецца przestępcą, але ня кожны przestępca – zbrodniarz. Слова zbrodnia называе нейкае страшнае, часьцей за ўсё масавае забойства, напрыклад, генацыд падчас Другой сусьветнай вайны – гэта было страшная zbrodnia. А przestępstwo – гэта юрыдычны тэрмін, які акрэсьлівае кожнае парушэньне закону.

Nie umywaj rąk – не ўмывай рук. Гэты фразэалягізм ідэнтычна гучыць як на беларускай, так і на польскай мовах. Нагадаю, паходзіць ён з часоў укрыжаваньня Езуса, калі Понтыюс Пілят літаральна памыў рукі перад натоўпам, які патрабаваў забіць Езуса. Такім чынам Пілят паказаў, што ён не бярэ на сябе адказнасьць за гэтае злачынства. І да нашых часоў існуе гэты фразэалягізм у такім менавіта значэньні – адмова ўзяць на сябе адказнасьць за нешта.

Pospolita Rzecz – Паспалітая Рэч або інакш рэспубліка. Палякі, у адрозьненьні ад многіх іншых народаў, пераклалі на ўласную мову гэтыя два лацінскія словы, якія азначаюць звычайную рэч, а сталі сымбалем дзяржавы, у якой уладаром зьяўляецца народ – рэспублікі. Цяпер слова Rzeczpospolita (Polska) пішацца разам, але на беларускай мове прынята пісаць два словы – Рэч Паспалітая.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт