Logo Polskiego Radia
Print

Грошы часта зьяўляюцца прычынай канфліктаў у сям’і

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.11.2017 15:21
  • фінансы.mp3
Нават дзяцей трэба вучыць распараджацца фінансавымі сродкамі.
Foto: pixabay.com

Палякі, таксама, як і беларусы, як правіла зь цяжкасьцю прымаюць рашэньне аб тым, каб паразмаўляць са сваім кіраўніком пра павышэньне зарплаты. Гэтая праблема датычыць пераважна старэйшага пакаленьня, якіх сацыялістычнае выхаваньне навучыла, што грошы – гэта другарадная справа, самае важнае – сьветлая будучыня, якую ўсе мы будуем. Утопія рухнула, прыйшоў капіталізм, а пра грошы многія з нас усё яшчэ саромеюцца размаўляць.

Пакаленьне сёньняшніх 40-50-гадовых людзей атрымала выхаваньне ў сацыялістычнай школе. Адукацыя грэбавала грошамі, прынамсі яе зьнешні воблік. Дзяцей вучылі, што размаўляць пра грошы няёмка, толькі гніючыя буржуі гоняцца за нажывай і капіталам. І нешта з тых часоў яшчэ засталося ў галовах многіх людзей. Пакаленьне сёньняшніх 20-годкаў як правіла без фальшывай сарамлівасьці размаўляе пра зарплату, калі ідзе на сумоўе, лёгка адважваецца папрасіць дабавіць пару капеек да заробку, а вось старэйшым гэта ўдаецца зь цяжкасьцю. На думку фінансавага дарадчыка з кампаніі «Экспандэр» Яраслава Садоўскага, пра грошы з наймальнікам трэба размаўляць, але неабходна знайсьці адпаведны момант.

Я. Садоўскі: Калі мы шукаем працу, то лепш не адкладваць гэтую размову на апошні этап набору. Інакш можа аказацца, што мы згубім шмат часу, а на канцы пачуем, што наймальнік дае грошы, якія нас ніякім чынам не задавальняюць. У сваю чаргу калі мы ўжо працуем, але хочам зарабляць больш, то многія баяцца прасіць большую зарплату. Варта гэта рабіць, асабліва тады, калі ведаем, што фірма ў добрай форме. Маім меркаваньнем, лепш адважыцца і папрасіць, бо нічога дрэннага не павінна здарыцца – калі працадаўца скажа «Не», то мы проста будзем зарабляць столькі ж, колькі зараблялі да гэтага часу.

Фінансіст раіць, каб перад такой гутаркай пастарацца даведацца, колькі зарабляюць падобныя спэцыялісты ў іншых фірмах, ці рыначныя заробкі за дадзеную працу вышэйшыя, ці ніжэйшыя, чым нашы. Тады ў нас будзе моцны аргумэнт у руках. Канешне, варта нагадаць свае моцныя бакі і дасягненьні. Але лепш не ісьці прасіць большыя грошы, калі мы ведаем, што наймальнік перажывае нейкія фінансавыя праблемы. Агулам у Польшчы тэма заробкаў зьяўляецца засакрэчанай, нават калегі ў адной кампанія часта ня ведаюць, колькі зарабляюць іншыя супрацоўнікі. Інакш справы выглядаюць у заходніх краінах, дзе зарплата часта фігуруе ўжо на самым першым этапе набору, яшчэ ў абвестцы, якая паяўляецца ў інтэрнэце або ў друку.

Грошы часьцей за ўсё зьяўляюцца прычынай канфліктаў таксама ў сям’і. Закаханыя людзі рэдка думаюць пра такія празаічныя справы, а пазьней, калі паяўляюцца дзеці, трэба выплачваць крэдыт, думаць пра адукацыю дзяцей, грошай пачынае не хапаць. Таксама бывае, што муж і жонка зусім па-рознаму ўяўляюць сабе хатні бюджэт, напрыклад, ён хацеў бы мець сумесны банкаўскі рахунак, а яна імкнецца захаваць незалежнасьць і ўласныя сродкі ў банку. Таму на самым пачатку варта абмеркаваць правілы сумеснага жыцьця, – раіць Яраслаў Садоўскі.

Я. Садоўскі: Калі мы ўжо ствараем шлюбны саюз, спалучаем нашы фінансы, то адразу трэба абмеркаваць прынцыпы далейшага жыцьця. Канешне, ня кожны згодзіцца заснаваць сумесны рахунак у банку, некаторыя любяць мець нейкую суму для ўласных выдаткаў, пра якія ніхто ня ведае. Але лепш не скрываць ад жонкі ці мужа, на што выдаткоўваем грошы. Напрыклад, можна мець асобныя рахункі, але муж ці жонка будуць упаўнаважаным, які зможа карыстацца грашыма, калі нешта здарыцца. Акрамя таго, варта таксама кантраляваць, на што дзеці выдаткоўваюць свае кішэнныя сродкі. Дзеці толькі вучацца кіраваць сваімі фінансамі, варта іх кантраляваць і пры нагодзе вучыць розным рэчам – як правільна распараджацца грашыма, як эканоміць і г.д. Трэба даваць дзецям грошы, каб пры нагодзе іх вучыць. Часта мяне пытаюць, калі пачаць даваць дзецям кішэнныя. Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Усё залежыць ад таго, ці дзіця ўмее лічыць, разумее, як працуюць грошы, ці ўдаецца яму патлумачыць розныя прынцыпы і мэханізмы, скажам, што ня варта выдаткоўваць усё адразу.

Грошы – гэта рэальная і неад’емная частка жыцьця. У іх няма эмацыйнага складніка, яны і ня дрэнныя, і ня добрыя. Без іх немагчыма пражыць, але яны могуць стаць таксама крыніцай вялікіх праблем, калі іх надта мала, надта шмат або калі хтосьці стараецца раздабыць іх несумленным спосабам. Аб гэты варта казаць дзецям з самых маленькіх гадоў.

1 Пр ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт