Logo Polskiego Radia
Print

У самалётах авіякампаніі LOT будзе інтэрнэт

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.11.2017 15:17
Неўзабаве доступ да бясплатнага інтэрнэту ў самалётах стане стандартам.
Boeing 787-8 Dreamliner авіякампаніі LOT Boeing 787-8 Dreamliner авіякампаніі LOT фота: lot.com/Paweł Pilzak

Польская авіякампанія LOT уводзіць на борце некаторых сваіх самалётаў магчымасьць карыстацца інтэрнэтам. Ён будзе даступны ў сучасных Boeing 737 MAX 8 і шырокафюзэляжных Boeing 787 Dreamliner, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».

Авіяперавозчыкі разумеюць, што цяпер пасажыры хацелі б мець інтэрнэт практычна ўсюды. Амэрыканскія лініі ўжо ўвялі wi-fi у сваіх самалётах, а цяпер эўрапейскія кампаніі ідуць па іх сьлядах.

Першы сучасны Boeing 737 MAX 8 польскай авіякампаніі пачне лётаць у сьнежні на трасе Варшава – Лёндан. Але доступ да інтэрнэту зьявіцца не адразу, а верагодней за ўсё ў другой палове будучага году, калі ў Польшчу прыбудуць астатнія набытыя машыны. Інтэрнэт у самалётах будзе платным. Пакуль што невядома, колькі паслуга будзе каштаваць. Ёсьць, праўда, ужо кампаніі, якія прапануюць бясплатны інтэрнэт у сваіх самалётах, напрыклад, JetBlue, Norvegian, Turkish Airlines, Air China.

Магчыма, што інтэрнэт у самалётах польскіх ліній зьявіцца раней, чым у сучасных цягніках Pendolino польскай чыгункі. Цягнікі курсіруюць ужо амаль тры гады, а пасажыры ніяк ня могуць дачакацца абяцанага інтэрнэту. Чыгунка ня высунула адпаведнага патрабаваньня падчас тэндэру, а цяпер аснаджэньне цягнікоў неабходнай тэхнікай зьяўляецца праблемным.

Экспэрты адзначаюць, што ўжо неўзабаве, цягам некалькіх гадоў, доступ да бясплатнага інтэрнэту ў самалётах стане стандартам. Тэхналёгія ідзе наперад, мяняюцца прывычкі людзей. Многія ўжо лічаць, што лёгкадаступны інтэрнэт – гэта адно з асноўных правоў грамадзян.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт