Logo Polskiego Radia
Print

Польшча плянуе забараніць гадоўлю жывёл на футра

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 20.11.2017 16:25
  • пушковыя жывёлы.mp3
Гэтага здаўна дамагаюцца экалягічныя дзеячы, якія кажуць пра негуманныя адносіны да пушковых жывёл.
Эўрапейская норка.Эўрапейская норка.Photo: skeeze/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча зьяўляецца трэцім вытворцам футраў норак і ліс у Эўропе, тым часам кіроўная партыя падрыхтавала законапраект, які забараняе гадоўлю пушковых жывёл. Гэтага здаўна дамагаюцца экалягічныя дзеячы.

У Сэйме Польшчы знаходзіцца законапраект Аб ахове жывёл. У праекце, між іншым, прапануецца ўвесьці забарону гадоўлі пушковых жывёл для атрыманьня футра. «Вырошчваньне жывёл з гэтай мэтай дадае жывёлам непатрэбнае цярпеньне, а акрамя таго некаторыя фэрмы нэгатыўна ўплываюць на навакольнае асяродзьдзе», – ацанілі аўтары.

Забарона гадоўлі выклікае найбольшы супраціў. Супраць ужо выступіла арганізацыя гадоўцаў пушковых жывёл. Яны выступілі з адмысловым зваротам, у якім адзначаюць, што гадоўля пушковых жывёл у Польшчы мае 100-гадовую традыцыю, а ёй пераважна з пакаленьня ў пакаленьні займаюцца сямейныя фірмы. Гаворыцца, што галіна зьяўляецца прыкладам «посьпеху польскай сельскай гаспадаркі» і адказвае за 4% усяго польскага экспарту прадуктаў жывёльнага паходжаньня і каля 7% цэлага экспарту прадуктаў сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і лясьніцтва. Гэта дае 166 млн даляраў у год.

У сваю чаргу экалягічныя арганізацыі не пакідаюць на гадоўцах пушковых жывёл сухой ніткі. Рэгулярна паяўляюцца рапарты аб негуманітарных умовах і абыходжаньні з жывёламі на пушковых фабрыках. Эколягі з арганізацыі «Адчыненыя клеткі» заяўляюць, што над многімі норкамі і лісамі звычайна зьдзекваюцца. Першы рапарт, падрыхтаваны арганізацыяй, складаўся з фота і відэадакумэнтаў з 52 пушковых фэрмаў – гаворыць Агата Вількоўска.

А. Вількоўска: Калі казаць пра пушковых жывёл, то закон і распараджэньне акрэсьліваюць умовы, у якіх гадоўля павінна ажыцьцяўляцца. Усе жывёлы, якіх вырошчваюць на футра, гадуюцца ў клетках. Паколькі такі мэтад найбольш аплачваецца для гэтага бізнэсу. Для норкі – гэта 18 квадратных сантымэтраў плошчы ў клетцы. Для лісы – 60 квадратных сантымэтраў. У прыродзе норцы патрэбна прынамсі 20 квадратных мэтраў, а лісе – некалькі дзесяткаў квадратных мэтраў. Калі параўнаць умовы ў клетках і іх патрэбы ў натуральных умовах, то на фэрмах нельга забясьпечыць іх нармальны дабрабыт. І хоць гэтыя ўмовы адпавядаюць законам, то застаецца пытаньне, ці такія законы этычныя? Нягледзячы на тое, што гадоўцы прытрымліваюцца норм, якія акрэсьліваюць памер клетак, то на фэрмах ёсьць вельмі шмат парушэньняў: зьвяркі параненыя, акрываўленыя, адбываюцца нават акты канібалізму. Жывёл вельмі доўга ня лечаць.

Акрамя негуманных умоваў утрыманьня і стаўленьня да пушковых жывёл эколягі зьвяртаюць увагу на тое, што такія фэрмы вельмі моцна забруджваюць навакольнае асяродзьдзе. Вельмі часта супраць фэрм пратэстуюць мясцовыя жыхары. Аднак апошнімі гадамі інспэктары аховы навакольнага асяродзьдзя праводзілі кантроль на пушковых фэрмах і ня выявілі моцных парушэньняў. Адзіныя заўважаныя парушэньні заключаліся ў памылках у дакумэнтацыі.

Усё ж для эколягаў адсутнасьць парушэньняў яшчэ нічога ня значыць. Законы і нормы, паводле іх, не гарантуюць гуманнага стаўленьня да пушковых жывёл – гаворыць Агата Вількоўска.

А. Вількоўска: Норкам патрэбны сталы доступ да вады. Якая фэрма ў Польшчы запэўнівае такі доступ? Ніводная, паколькі гэтага не вымагаюць нормы. А норкі значна мацней адчуваюць адсутнасьць вады, чым голад. Гэта для іх значна большая праблема. Швайцарыя павялічыла нормы адносна памераў клетак, там зрабілі жывёлам больш месца і аказалася, што гадоўля стала нерэнтабэльнай. Больш таго, швайцарцы загадалі гарантаваць норкам доступ да вады. І тут таксама аказалася, што гадоўля стала нерэнтабэльнай. Гэта толькі паказвае тое, на колькі ненармальным зьяўляецца прамысловая гадоўля пушковых жывёл.

У Галяндыі ўвялі забарону на гадоўлю пушковых жывёл, існуючыя фэрмы павінны зачыніцца цягам 20 гадоў. Харватыя, Швайцарыя і Вялікабрытанія таксама забаранілі прамысловую гадоўлю.

Застаецца пытаньне, ці эколягі разумеюць, што іх патрабаваньні азначаюць банкруцтва фэрмаў і страту месцаў працы, а таксама фінансавыя страты для краіны, паколькі Польшча займае цяпер трэцяе месца па вытворчасьці футра ў Эўропе? Для экалягічных арганізацый дабро жывёл і навакольнае асяродзьдзя зьяўляюцца значна важнейшымі. Яны прыводзяць у прыклад Галяндыю, якая была на другім месцы па вытворчасьці футра, а ўсё ж адмовілася ад прамысловай гадоўлі.

Агулам у цэлай Польшчы ёсьць каля 650 пушковых фэрмаў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт