Logo Polskiego Radia
Print

23.12.1981 г. улады падавілі забастоўку ў Катавіцэ

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.12.2017 15:13
  • 23.12.1981_улады падавілі забастоўку на Катавіцкім камбінаце.mp3
Катавіцкі камбінат быў апошнім месцам супраціву камуністычным уладам.
pl.wikipedia.org/Public Domain

Катавіцкі мэталургічны завод быў пабудаваны ў 1976 годзе і быў адным з найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Польшчы. У 1980 годзе сваю актыўнасьць на прадпрыемстве разгортвае прафсаюз «Салідарнасьць». Вялікая колькасьць працоўных стала чальцамі арганізацыі.

Дзейнасьць «Салідарнасьці», патрабаваньні палітычных і эканамічных рэформаў прывялі да ўвядзеньня ў Польскай Народнай Рэспубліцы ваеннага становішча 13 сьнежня 1981 году. Пасьля чаго пачалася хваля рэпрэсіяў і перш за ўсё, арышты найбольш актыўных прадстаўнікоў прафсаюзу«Салідарнасьці». Гэтая хваля закранула і працоўных Катавіцкага заводу.

У сваю чаргу, працоўныя на чале з адным з лідэраў завадзкой «Салідарнасьці» Антонім Кушнерам абвясьцілі пра бестэрміновую забастоўку. Завод фактычна спыніў працу. Былі высунутыя патрабаваньні: спыненьне рэпрэсіяў і вызваленьне арыштаваных, адмена ваеннага становішча ў краіне. Галоўны ўваход на завод быў забарыкадаваны.

Хаця міліцыя пры дапамозе вайскоўцаў прарвалася на тэрыторыю завода, тым ня менш, яна не змагла захапіць увесь прамысловы комплекс і была вымушана пакінуць тэрыторыю камбіната. Нягледзячы на сур’ёзную пагрозу, працоўныя пакляліся застацца на заводзе і змагацца за свае правы, іх натхняла таксама і падзея на шахце «Вуек», на якой спэцаддзелы расстралялі бастуючых шахцёраў.

Было відавочна, што і ўлады да канца ня ведалі, што рабіць з пратэстоўцамі, якіх было некалькі тысячаў, таму рашэньне па заводзе не прымалася так доўга. Камбінат быў заблякаваны з боку ўладаў не хапала ежы, але ў на завод прыбыў цягнік з вугалем, у адным з вагонаў быў зроблены адмысловы склад, дзе былі схаваныя прадукты для бастуючых, гэта быў падарунак ад чыгуначнікаў.

20 сьнежня ваенны камісар народнага выратаваньня прызначаны для Катавіцкага камбінату, скіраваў да працоўных ультыматум капітуляцыі. Але патрабаваньні былі працоўнымі адкінутыя.

Катавіцкі камбінат заставаўся апошнім месцам супраціву камуністычным уладам.

23 сьнежня ўлады распачалі штурм камбінату, у якім узялі ўдзел каля 6 тыс. супрацоўнікаў міліцыі (ЗОМО) і вайскоўцаў, якіх падтрымлівала тэхніка, у тым ліку танкі.

Кіраўніцтва страйку вырашыла не аказваць супраціву, працоўныя пакінулі тэрыторыю камбіната, шмат хто быў арыштаваны каля 200 чалавек звольненыя з працы.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт