Logo Polskiego Radia
Print

Менш крадзяжоў у крамах, больш - у інтэрнэце

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.01.2018 15:01
Цяпер намнога прасьцей і бясьпечней красьці ў віртуальнай рэчаіснасьці.
www.pixabay.com/Public Domain

Злодзеі крадуць часьцей за ўсё ў крамах. Пра гэта вядома дзякуючы дакладу, падрыхтаванаму адмыслоўцамі Інстытуту правасудзьдзя – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita». Злодзеі выносяць з крам прадукты харчаваньня, сотавыя тэлефоны, грошы, алькаголь, касмэтыку, вопратку і г.д. Звыш 90% пакараньняў – гэта штрафы памерам да 500 злотых. Штрафы плаціць 60% асуджаных. Больш чым палова з іх пазьней зноў пачынае рабаваць. За дробны крадзеж злачынца атрымлівае прысуд прыкладна за 5 месяцаў, больш сур’ёзная справа цягнецца ў сярэднім 8 месяцаў.

Паводле дадзеных паліцыі, колькасьць крадзяжоў у мінулым годзе панізілася на 20%. На думку крыміналістаў, гэта натуральная зьява, калі цяпер на многа прасьцей і бясьпечней красьці ў віртуальнай рэчаіснасьці, чым прабаваць украсьці парфумы ў краме. У рэальным сьвеце злодзея часта затрымліваюць дзякуючы відэакамэрам. Сёньня значна прасьцей быць віртуальным злодзеем, напрыклад, весьці несумленны гандаль праз інтэрнэт. Трэба таксама быць асьцярожным падчас карыстаньня паслугамі банкаў праз інтэрнэт, паколькі злодзеі прыдумваюць усё новыя спосабы абкраданьня кліентаў банкаў.

Вельмі добра, што звычайных крадзяжоў усё менш, але іншая рубрыка статыстыкі выклікае занепакаеньне – піша камэнтатар выданьня. Летась упершыню за многія гады на 10% вырасла колькасьць забойстваў. Гэта ўжо сур’ёзная праблема, якую на першы позірк як правіла не відаць, паколькі трагедыі здараюцца ў людзей дома, дзе няма відэакамэр. Калі агрэсія аднаго чалавека пазбаўляе іншага чалавека жыцьця, а не кашалька, то ўжо не да жартаў. Застаецца пытаньне, што стала прычынай агрэсіі забойцаў?

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт