Logo Polskiego Radia
Print

27.01.1918 г.- грамадзянская вайна ў Фінляндыі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.01.2018 12:48
  • 27.01.1918_грамадзянская вайна ў Фінляндыі.mp3
Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі Фінляндыя выйшла са складу Расеі.
Тэмпэрэ 1918 гТэмпэрэ 1918 гcommons.wikimedia.org/By nieznany - Museum of Tampere; Domena publiczna

Да 1917 году Фінляндыя, альбо Вялікае Княства Фінляндзкае, знаходзілася ў складзе Расейскай Імпэрыі. Краіна была далучана ў 1808 годзе і амаль 100 год уваходзіла ў склад Расеі, карыстаючыся фармальнай аўтаноміяй.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі Фінляндыя абвясьціла пра незалежнасьць і выйшла са складу Расеі.

Ужо ў 1917 годзе стаў відавочны палітычны раскол Фінляндыі на «белых» – прыхільнікаў буржуазнай рэспублікі, і «чырвоных» на чале з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Фінляндыі, якія жадалі ўтварэньня сацыялістычнай рэспублікі, арыентаванай на Савецкую Расею.

Абодва бакі стваралі свае вайсковыя адзінкі. На чале «белых» стаў генэрал Манэргейм. У сваю чаргу «чырвоных» актыўна падтрымлівалі бальшавікі. Сытуацыя ўскладнялася харчовым крызысам, дэфіцытам прадуктаў, асабліва сярод працоўных.

«Чырвоныя» распачалі актыўную падрыхтоўку да паўстаньня з мэтай захопу ўлады.

Паўстаньне распачалося ў Хельсінках 27 студзеня 1918 году. На працягу першых суткаў Хельсінкі былі цалкам захоплены паўстанцамі, была створана Рада народных прадстаўнікоў Фінляндыі, якая надзяліла сябе паўнамоцтвамі ўраду. Фактычна, рэвалюцыянэры захапілі ўсю паўднёвую частку Фінляндыі, дзе знаходзіліся асноўныя гарады: Хельсінкі, Выбарг, Або (Тарту).

1-га сакавіка 1918 году была абвешчана Фінляндзкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Фактычна, паўстаньне «чырвоных» і сталася прычынай грамадзянскай вайны, у якой удзельнічала ад 50 да 90 тыс. чалавек з абодвух бакоў.

Фінскім «белым» дапамагала Швэцыя і Нямеччына. Гэтыя краіны скіравалі ў Фінляндыю свой вайсковы кантынгент, які складаў каля 15 тыс. чалавек. У сваю чаргу бальшавікі не маглі аказаць шырокай вайсковай дапамогі, баючыся правакаваць немцаў, а пасьля падпісаньня «Брэсцкага міру» гэта ўвогуле стала немагчымым, што прадвырашала лёс рэвалюцыі ў Фінляндыі. На пачатку красавіка «чырвоны» урад пакінуў Хельсінкі.

Менавіта нямецкія войскі і вырашылі лёс Фінляндыі.

Немцы 14 красавіка 1918 г. захапілі Хельсінкі і іншыя бастыёны «чырвоных». Напрыканцы красавіка апошнія баявыя дзеяньні скончыліся. 16 траўня адбыўся парад Перамогі з удзелам фінскіх і нямецкіх войскаў.

На працягу грамадзянскай вайны як «чырвоныя» так і «белыя» праводзілі тэрор супраць тых, ці іншых сацыяльных груп. У выніку тэрору загінула каля 10 тыс. чалавек.

Пасьля перамогі «белых» у канцэнтрацыйных лягерах утрымлівалася каля 70 тыс. чалавек. Што цікава, у 1973 годзе ўрад Фінляндыі выплаціў 11 тысячам рэпрэсаваных «чырвоным» фінансавыя кампэнсацыі.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт