Logo Polskiego Radia
Print

3.02.1637 году пачаўся першы эканамічны крызыс

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.02.2018 09:06
  • 3.02.1637_лісток календара.mp3
Агмень крызысу знаходзіўся ў Нідэрляндах і быў зьвязаны з кветкамі.
pixabay.com

Цюльпаны патрапілі ў Эўропу з Ірану і Асманскай Імпэрыі ў ХVІ стагодзьдзі. Дарэчы, само слова «цюльпан» паходзіць ад цюркскага «цюрбан». Недзе ў 1562 годзе першыя цюльпаны зьявіліся ў Галяндыі, але толькі ў ХVІІ стагодзьдзі цюльпанавы бізнэс пачаў разьвівацца ў гэтай краіне, дзе пачалі займацца гібрыдызацыяй і вырошчваньнем новых відаў гэтых кветак. Менавіта гэтыя новыя віды і станавіліся аб’ектам своеасаблівай маніі, якая выражалася ў жаданьні набыць гэтыя кветкі. Найбольш прыцягальнымі і дарагімі былі «пёстрыя цюльпаны», іх пачалі называць адміраламі, генэраламі, генэраламі генэралаў, генэралісімусамі.

Па прычыне таго, што новых сартоў цюльпанаў было ня вельмі шмат, а кожны заможны чалавек хацеў мець нешта надзвычайнае, гэта прыводзіла да ўзросту коштаў на кветкі. Напрыклад, у 20-х гадах ХVІІ за адну цыбуліну рэдкай кветкі плацілі каля 1000 тыс. гульдэнаў (856 грамаў золата), сёньня – прыблізна 30 тыс. эўра. У 1637 годзе на аўкцыёне ў Алкмары цыбуліны рэдкага цюльпана «Адмірал Энкхузэн» былі прададзеныя за 90 тыс. гульдэнаў (9 мільёнаў эўра).

У 30-я гады XVII ст. гандляры цюльпанаў пачалі гандляваць не фізычным таварам, а фьючэрсамі, то бок абавязацельствамі прадаць тавар, калі ён будзе даступны, то бок, дазрэе ўлетку. Гэта нарадзіла хвалю спэкуляцыяў, за пэрыяд ад моманту падпісаньня кантракту, гэтыя кантракты перапрадаваліся па некалькі разоў. Пачаўся «гандаль паветрам» (гэты тэрмін таксама зьявіўся ў пэрыяд цюльпанаманіі), то бок прадаваўся тавар, якога наса рэч не было. У выніку, калі пастаўшчыкі не рэалізоўвалі свае абавязкі, гэта прыводзіла да абвалу.

У першы месяц 1637 году кошты на цюльпаны павысіліся ў 18 разоў. На продажы і перапродажы кантрактаў на цюльпаны ўдзельнічала да 5 тыс. чалавек, у асноўным спэкулянты, якія зараблялі выключна прадаючы нічым не забясьпечаныя кантракты. Накрутка коштаў прывяла да таго, што 3-га лютага на харлемскай біржы цюльпанаў (Харлем быў сталіцай цюльпанавага бізнэсу), не знайшлося пакупнікоў на прапанаваныя тавары, што прывяло да панікі і абвалу рынку. Уласьнікі кантрактаў пачалі масава прадаваць свае кантракты. Гэта таксама прывяло да банкруцтва шмат якіх людзей.

Хаця «цюльпанавы крызыс» не падарваў гаспадаркі Нідэрляндаў, тым ня менш стаў ён адным з буйных прыкладаў спэкуляцыяў і «мыльнай бурбалкі».

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт