Logo Polskiego Radia
Print

Кітайская паліцыя выкарыстоўвае адмысловыя акуляры

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.02.2018 17:26
Акуляры ў спалучэньні з кішэнным пэрсанальным кампутарам спрашчаюць працэс ідэнтыфікацыі людзей.
flikr.com/Giuseppe Costantino

Акуляры з функцыяй распазнаньня асобы будуць дапамагаць кітайскай паліцыі вылаўліваць з натоўпу злачынцаў.

Маніторынг гарадзкой сыстэмы - гэта ўжо нічога асаблівага. Напрыклад, у Маскве працуе 160 тысяч відэакамэр, якія афіцыйна выкарыстоўваюцца для апазнаньня людзей. У Кітаі да 2020 году будуць запушчаныя больш за 600 млн камэр відэаназіраньня. У Паднябеснай гэты арсэнал папаўняюць адмысловыя акуляры супрацоўнікаў паліцыі.

Акуляры былі распрацаваныя кампаніяй LLVision і выглядаюць як пара сонцаахоўных акуляраў, але над адным шклом зьмешчаная камэра.

Першае практычнае прымяненьне новай тэхналёгіі ў Кітаі пачалося з выкарыстаньня акуляраў на перапоўненым вакзале ў мэгамэтраполіі Чжэнчжоў напярэдадні кітайскага Новага года. За дзень праз гэты вакзал праходзіць 120 тысяч чалавек.

Акуляры ў спалучэньні з кішэнным пэрсанальным кампутарам спрашчаюць працэс ідэнтыфікацыі людзей. Дастаткова, што супрацоўнік паглядзіць на мінака, а камэра робіць здымак і адпраўляе яго ў базу дадзеных. Цэлы працэс павінен займаць менш, чым адну сэкунду.

Новыя тэхналёгіі таксама будуць дапамагаць супрацоўнікам праваахоўных органаў лавіць злачынцаў. Па дадзеных кітайскіх уладаў, за першыя дні пры дапамозе новай тэхналогіі ўдалося арыштаваць сем асоб, якія былі ў вышуку, і 26, якія выкарыстоўвалі фальшывыя дакумэнты.

Як кампутарная сыстэма апазнае твар?

Для кампутара кожны твар - гэта аб’ект для апісаньня. Праграмнае забесьпячэньне спачатку вызначае, ці тое, што яно бачыць, гэта твар чалавека. Затым вымервае і апісвае яго характарыстыкі: устанаўлівае асноўныя 80 кропак, якія ўключаюць у сябе, сярод іншага, адлегласьць паміж вачыма, шырыню носа, глыбіню арбіты, форму скулы. Барада, прычоска, вусы ня здольныя падмануць кампутар. Такім чынам, атрыманыя дадзеныя фармуюць лічбавы «адбітак твару», які сыстэма параўноўвае з шаблёнамі ў базе дадзеных.

Эфэктыўнасьць кампутэрных сыстэм распазнаньня асоб ужо перавышае магчымасьці чалавека.

www.crazynauka.pl/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт