Logo Polskiego Radia
Print

Якім быў бы сьвет, калі б зь яго зьніклі жанчыны

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.03.2018 18:28
«Сьвет без жанчын быў бы шэры, агрэсіўны, нудны, хаатычны, брудны і сьмярдзючы».
Photo: pixabay.com

Прафэсар Багуслаў Паўлоўскі кіруе катэдрай біялёгіі чалавека Ўроцлаўскага ўнівэрсытэта. Вось якую карціну сьвету без жанчын нарысаваў прафэсар:

«Сьвет без жанчын хутка скончыўся б. Мужчыны ня здольныя да партэнагенэзу, так як у польскім фільме «Сэкс-місія, або Новыя амазонкі». Мужчыны жылі б карацей. Паводле дасьледаваньняў, адзінокія і разводнікі паміраюць раней, чым у сужонстве. Таму што мужыкі не клапоцяцца за сваё здароўе, ня ходзяць да лекара, не прымаюць лякарстваў. Высокі ўзровень тэстастэрону аслабляе імунную сыстэму. Акрамя гэтага, са смутку мужчыны сталі б больш выпіваць».

Паводле прафэсара Паўлоўскага, сьвет без жачын таксама ня быў бы спакайнейшы. Лібіда, узровень мужчынскіх гармонаў у крыві заставаўся б вельмі высокім. Плянэту насялялі б палкія самцы. Было б яшчэ больш, чым сёньня, суперніцтва, воен, строгасьці і агрэсіі. Пашыралася б клянавасьць мужчынскіх груп і мафійнасьць. Чалавецтву пагражала б легітымізацыя нявольніцтва. Грамадзка-сацыяльная структура нагадвала б турму. У такім грамадзтве пагоршыліся б умовы жыцьця гомасэксуалаў. Мужчыны з высокай грамадзкай пазыцыяй выкарыстоўвалі б мужчын з гомасэксуальнымі схільнасьцямі для задавальненьня сваіх першабытных інстынктаў.

Паводле вучонага, адсутнасьць жанчын адлюстравалася б адразу ў мове. Мужчыны пераважна не клапоцяцца пра прыгажосьць мовы. Сьвет стаў бы шэрым, паколькі пісьменьнікі, мастакі, музыкі страцілі б натхненьне.

«Калі б не было жанчын, усе грошы сьвету страцілі б значэньне» – некалі казаў мільянэр Арыстотэль Анасіс. Прафэсар Багуслаў Паўлоўскі падкрэсьлівае вялікую мудрасьць гэтых словаў. Паводле яго, мужчыны працуюць, зарабляюць для жанчын, бо прыгожы пол выбірае мужчын амбітных, з адпаведнай пазыцыяй у грамадзтве. Мужчыны сталі б лянівымі.

«Сьвет без жанчын быў бы шэры, агрэсіўны, нудны, хаатычны, брудны і сьмярдзючы» – падводзіць вынікі сваіх разважаньняў спэцыяліст па біялёгіі чалавека прафэсар Багуслаў Паўлоўскі.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт