Logo Polskiego Radia
Print

Насякомыя - узор для канструктараў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.04.2018 12:56
Сярод іншых вынаходніцтваў, інсьпіраваных насякомымі, смартфоны.
Матылькі Морфа мэнэлайМатылькі Морфа мэнэлайcommons.wikimedia.org/By Didier Descouens – Уласны твор, CC BY-SA 4.0

Назіраньні за насякомымі ўжо прывялі да разьвіцьця ваеннай тэхнікі, будаўніцтва, здабычы карысных выкапняў, ювэлірных вырабаў, робататэхнікі, інфарматыкі, і нават авіякасьмічнай галіны – кажа д-р Радамір Яскула, заоляг з Лодзінскага ўнівэрсытэта.

Дасьледчык нагадаў, што да гэтай пары навукоўцы вывучылі больш за мільён відаў насякомых, і такім чынам выявілі шмат розных, цікавых прыстасаваньняў, якія могуць быць выкарыстаныя дзеля разьвіцьця тэхнікі.

У выніку, напрыклад, зьявілася касмэтыка і фарба ў спрэю. Мэханізм дзеяньня зьяўляецца вытворным ад назіраньня драпежнага жука роду Brachinus, які абараняе сябе ад іншых драпежнікаў, распыльваючы з брушкі (абдомену) «хімічную зброю».

Сярод іншых вынаходніцтваў, інсьпіраваных насякомымі, д-р Яскула называе смартфоны. Паводле яго слоў, у найбольш энэргаэфэктыўных прыладах гэтага тыпу, тэхналёгія энэргазьбераганьня паўстала ў выніку назіраньня за паўднёваамэрыканскімі матылькамі Морфа мэнэлай.

«Гэтыя прыгожыя каляровыя, блакітныя матылькі валодаюць здольнасьцю да «акумуляваньня сонечнай энэргіі» унікальным чынам, і сёньня японскія канструктары выкарыстоўваюць гэта ў смартфонах», – тлумачыць доктар Яскула.

Іншы прыклад: у пустэльных раёнах, дзе існуе праблема недахопу вады, назіраньне за паводзінамі некаторых жукоў (Tenebrionidae) дапамагае зьбіраць ваду з ранішняй імглы.

Ручайнікі, шыцікі, валасакрылыя Hydropsyche – насякомыя, якія жывуць у нашым рэгіёне, падказваюць, як рабіць надзвычай моцную нітку. Гэтыя насякомыя плятуць з гэтай ніткі сетку для збору ежы для лічынак у праточнай вадзе. Спэцыялісты мяркуюць, што гэтыя маленькія насякомыя і іх сеткі хутка будуць мець вялікае значэньне ў вытворчасьці бронекамізэлэк, шлемаў ці лін для альпіністаў.

«На самой справе, усяго толькі некалькі дзесяцігодзьдзяў мы вучымся назіраць за насякомымі. Таму вельмі верагодна, што кожны наступны год прынясе новыя адкрыцьці, якія могуць стаць крыніцай далейшых вынаходніцтваў і будуць спрашчаць жыцьцё чалавека ў розных частках сьвету», – лічыць д-р Радамір Яскула.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт