Logo Polskiego Radia
Print

«Касьмічная» база ў Польшчы рыхтуецца да новых міяій

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.04.2018 17:21
Згодна з задумай, база «Люнарэс» павінна дапамагчы вывучыць паводзіны людзей ва ўмовах ізаляцыі.
Габітат "Люнарэс"Габітат "Люнарэс"lunares.space

У траўні-чэрвені ў месячна-марсіянскай базе «Люнарэс» у польскім горадзе Піла (Piła) павінна пачацца першая сёлета аналягавая пазазямная місія. База распачала дзейнасьць у мінулым годзе на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома.

Габітат «Люнарэс» – гэта сымуляцыя касьмічнай базы й лябараторыя, у якой утрымліваюцца аналягічныя ўмовы, якія былі б у сапраўднай базе на Месяцы або на Марсе.

Астранаўты ня ведаюць, якія ў дадзены момант гадзіна, пара дня, а сувязь зь імі спозьненая на 20 хвілін – як падчас знаходжаньня на Марсе. Электрычнасьць у базе «Люнарэс» кантралюецца звонку, са штаб-кватэры Эўрапейскага касьмічнага агенцтва ў Галяндыі, дзе працуе Агата Каладзейчык, якая прычынілася да стварэньня касьмічнай базы ў Польшчы.

У гэтым годзе, акрамя навуковай дзейнасьці, база будзе таксама арганізоўваць камэрцыйныя мерапрыемствы. Даход ад гэтага віду дзейнасьці будзе прызначацца на фінансаваньне дасьледаваньняў – заявіў прадстаўнік кіраўніцтва базы Дам'ян Фабіх.

Згодна з задумай, база «Люнарэс» у Піле павінна дапамагчы вывучыць паводзіны людзей ва ўмовах ізаляцыі, адзіноты, жыцьця і працы ў вельмі невялікай прасторы. У мінулым годзе астранаўты праводзілі дасьледаваньне ўспрыманьня часу чалавекам.

Удзельнікі місіі жывуць у габітаце, які складаецца з модуляў: спальня, кухня, кабінэт, біялягічная лябараторыя, склад бытавой тэхнікі, трэнажорны зал і ванны пакой. Над модулямі ўсталяваны купал.

Паветраны шлюз спалучае ўвесь аб’ект з унутранай часткай былога ваеннага ангара. Там высыпаны пясок, раскіданыя камяні і скалы, якія імітуюць паверхню Марса і Месяца. Для таго, каб выйсьці «на паверхню», удзельнікі місіі павінны надзець касьмічны скафандар.

Арганізатары праекта супрацоўнічаюць з Эўрапейскім касьмічным агенцтвам.

База ў Піле – адзінае такое месца ў Эўропе. Яна распачала дзейнасьць напрыканцы ліпеня мінулага году.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт