Logo Polskiego Radia
Print

2.06.1962 г. у Новачаркаску расстралялі работнікаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.06.2018 09:36
  • у Новачаркаску былі расстраляныя пратэстоўцы.mp3
1 чэрвеня а 10 раніцы працоўныя сталеплавільнага цэху спынілі працу.
Кадр з фільму "Тайны века"Кадр з фільму "Тайны века"screen Youtube

У савецкія часы нічога не было вядома пра падзеі зьвязаныя з праявай незадаволенасьці існуючай эканамічнай сытуацыі. Прапаганда рабіла ўсё магчымае, каб людзі верылі, што жывуць у самай разьвітай і шчасьлівай краіне на зямлі. Але рэчаіснасьць была далёка ад гэтага малюнку.

На пачатку 60-х гадоў СССР знаходзіўся ў цяжкім эканамічным крызысе. Гэта было зьвязана з накіраваньнем сродкаў на «гонку ўзбраеньняў», за кошт узроўню жыцьця насельніцтва. Савецкія ўлады нават былі вымушаны закупаць збожжа за мяжой, каб зьменшыць дэфіцыт хлеба. Кошты на прадукты харчаваньня ўзрасьлі на 30%. У дадатак на новачаркаскім электравозабудаўнічым заводзе дырэкцыя загадала павялічыць нормы выпрацоўкі, без павялічэньня заробкаў.

Забастоўка пачалася 1 чэрвеня а 10 раніцы, калі працоўныя сталеплавільнага цэху спынілі працу.

Цягам гадзіны не працаваў амаль увесь завод і каля 1000 чалавек сабраліся калі будынку праўленьня. Людзі скандавалі: «На што нам жыць далей». Дырэктар заводу Курачкін, выйшаўшы да людзей сказаў: «Не хапае грошаў на мяса, ешце піражкі з ліверкай». Гэтыя словы моцна абурылі працоўных, і паспрыялі ўзросту пратэстнага настрою. Празь некалькі гадзін лічба пратэстуючых павялічылася да 5 тыс. чалавек, да іх далучыліся жыхары горада. Была перакрытая чыгуначная магістраль. Таксама пачаўся пагром адміністрацыйных будынкаў заводу.

Пратэстуючых намагалася супакоіць кіраўніцтва партыі вобласьці, але іх словы яшчэ больш раззлавалі людзей. Энэргія людзей была на столькі моцнай, што нават міліцыя не змагла разагнаць пратэстуючых працоўных, наадварот міліцыя была вымушана адступіць.

Уначы 2 чэрвеня на тэрыторыю завода былі ўведзена некалькі танкаў і завод быў ачышчаны ад пратэстуючых, але такім чынам пратэст перайшоў у горад, а ўвод танкаў яшчэ больш мабілізаваў насельніцтва. Горад узяла пад кантроль армія, адміністрацыйныя будынкі былі пастаўлены пад ахову спэцыяльных адзінак КДБ.

Раніцай амаль усе заводы горада спынілі працу, рабочыя накіраваліся ў цэнтар горада, да іх далучаліся звычайныя грамадзяне, жанчыны з дзецьмі. Людзі падышлі да гарадзкога камітэту, але там натоўп быў спынены аўтаматным агнём, у выніку чаго было забіта 15 чалавек, у іншых месцах гораду было таксама застрэлена некалькіх пратэстуючых.

Загінула 24 чалавекі, целы ўсіх забітых былі вывезены з гораду і пахаваныя ў невядомых месцах. Было затрымана 240 чалавек. Улады ў бунце абвінавацілі «хуліганаў». Сем чалавек, найбольш актыўных удзельнікаў дэманстрацыі, былі прыгавораны да расстрэлу.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт