Logo Polskiego Radia
Print

Каля 4 млрд. людзей на сьвеце цікавіцца футболам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.06.2018 16:31
  • футбол.mp3
Улады некаторых краін выкарыстоўваюць гэты спорт у палітычных мэтах.
wsyperek/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вялікі адсотак жыхароў нашай плянэты ня можа ўжо дачакацца пачатку чэмпіянату сьвету па футболе, які распачнецца неўзабаве ў Расеі (14.06.2018). Канешне, ня ўсе людзі з затоеным дыханьнем сочаць за матчамі, некаторых, асабліва жанчын, гэта зусім не цікавіць. Тым ня менш, футбол – самы масавы спорт, які выклікае мноства эмацыйных перажываньняў, як ніводзін іншы від спартыўных спаборніцтваў. Мяркуецца, што на Зямлі каля 4 млрд. людзей цікавіцца гэтым спортам.

Сучасны футбол нарадзіўся ў Вялікабрытаніі ў 19-ым стагодзьдзі. Кіраўніцтва адукацыйных пляцовак вырашыла, што гульня можа добра ўплываць на разьвіцьцё і дысцыпліну вучняў. З таго часу пачалося імклівае разьвіцьцё гэтай дысцыпліны спорту. Паступова футбол стаў гульнёй для мас, мільёны людзей па ўсім сьвеце, але асабліва ў Эўропе, дзе нарадзіўся гэты спорт, пачалі хадзіць на матчы і сачыць за дасягненьнямі сваіх любімых камандаў. Гэтага не маглі не заўважыць улады, асабліва аўтарытарных краін, паколькі ў такіх дзяржавах спорт хутка пачалі выкарыстоўваць дзеля кантраляваньня грамадзтва і будаваньня магутнасьці дзяржавы.

Вельмі важнае месца спорт займаў у Савецкім Саюзе. Ён упісваўся ў палітыку, агулам прафэсійны спорт ня мог там існаваць без удзелу ўладаў. Польскі публіцыст, рэдактар часопіса «Новая Ўсходняя Эўропа» Збігнеў Ракіта напісаў кнігу пра гісторыю футболу ў Савецкім Саюзе. Ён згадвае, напрыклад, братоў Старасьціных, вязьняў савецкага ГУЛАГу, якія адыгралі вельмі важную ролю ў разьвіцьці савецкага футболу.

З. Ракіта: Гэта гісторыя чатырох братоў. Важнейшай постацьцю быў Мікалай Старасьцін, найстарэйшы. Ён пачаў гуляць у футбол яшчэ ў царскай Расеі, пазьней арганізаваў савецкія клюбы, разам з братамі заснаваў маскоўскі «Спартак», які зьяўляецца цяпер чэмпіёнам Расеі. Старасьціну не пашанцавала, паколькі ён заснаваў «Спартак» у сярэдзіне 30-ых, у разгар рэпрэсій. А той, хто адказваў за рэпрэсіі, Берыя, таксама граў у футбол. Па нейкай прычыне ён не адразу выслаў у ГУЛАГ сваіх сапернікаў, а толькі тады, калі пачалася ўжо Вялікая айчынная вайна. У лягер трапілі ўсе чацьвёра. Аднак іх жыцьцё там больш прыгадвала ссылку, чым канцлягер. Справа ў тым, што Старасьціны былі ў тыя часы ўжо вельмі папулярныя ў СССР, а тысячы вязьняў ды іх наглядчыкаў таксама хацелі гуляць у футбол, гэта была адна зь нешматлікіх даступных прыемнасьцяў у лягеры. Усе 10 гадоў, якія Старасьціны правялі ў ГУЛАГУ, яны былі трэнэрамі, трэніравалі футбалістаў камандаў Берыі.

Вельмі складаным пэрыядам для савецкага, а пазьней нацыянальнага футболу быў час, калі распадаўся Савецкі Саюз. Гэта быў час хаосу, як тады выглядала сытуацыя?

З. Ракіта: Выглядала трагічна для савецкага футболу. Доўга не было да канца вядома, што будзе створаная асобная ўкраінская, расейская, беларуская зборныя і г.д. Былі прапановы, каб сфармаваць зборную Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. Адным з зацятых праціўнікаў гэтай ідэі быў між іншым Мікалай Старасьцін. Зборная СНД не была сфармаваная, але ў 1992 годзе быў чэмпіянат Эўропы па футболе, і хтосьці павінен быў на яго паехаць, а ня так лёгка стварыць хутка зборную. І таму на чэмпіянат паехала зборная СНД, у якую ўваходзілі галоўным чынам футбалісты з Украіны і Расеі. Яна была разгромленая, але застаўся пра яе ўспамін у гісторыі. Тады таксама катастрафічна не хапала сродкаў на футбол. Так што назіраліся такія празаічныя праблемы.

У Расеі сур’ёзныя грашовыя сродкі на футбол паявіліся толькі на пачатку 2000-ых гадоў. І, як звычайна, гэта зьвязана з палітыкай, – адзначае Збігнеў Ракіта.

З. Ракіта: Пуцін традыцыйна цікавіцца спортам, але не адразу ён пачаў зьвяртаць увагу на футбол. Найперш гэта былі розныя віды барацьбы, пазьней хакей, авіяцыя. А футбол быў па-за яго зацікаўленьнем. Празь нейкі час ён зразумеў вялікае значэньне футболу, акрамя таго, пасябраваў з Ёзэфам Блатэрам, старшынёй Міжнароднай фэдэрацыі футболу. Пуцін пераканаўся, што футбол ды іншыя віды спорту можна выкарыстаць дзеля палітычнай карысьці. Калі гэта зразумеў Пуцін, то зразумелі і алігархі, што інвэстыцыя ў футбол можа прынесьці шматмільённы прыбытак. У Расеі журналісты жартуюць, што гэта расейская форма сацыяльна адказнага бізнэсу.

Чэмпіянат сьвету па футболе неўзабаве ўжо пачнецца ў Расеі. Пасьля таго, як Расея захапіла Крым чатыры гады таму, гучалі асобныя галасы, што неабходна пакараць яе за гэты агрэсіўны крок, напрыклад, пазбаўляючы права ладзіць спартыўныя спаборніцтвы. Тады заходнія краіны не рашыліся на такі радыкальны жэст, а цяпер гэта ўжо немагчыма. Збігнеў Ракіта нагадвае, што калі вясной гэтага году ў Вялікабрытаніі былі атручаныя былы расейскі агент Скрыпаль і яго дачка, тады Вялікабрытанія вырашыла байкатаваць чэмпіянат. Шкада, што такой рашучасьці не было раней.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт