Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.06.2018 15:01
  • Jedna cisza na sto słów Skarbek.mp3
Ганарата Скарбэк губляецца, каб магчы знайсьці сэнс у жыцьці.
www.pixabay.com

Сёньня я прапаную вам песьню з рэпэртуару дзяўчыны, якая ня толькі сьпявае, але таксама сама піша свае кампазыцыі ды займаецца тэматыкай моднай вопраткі і агулам моднага стылю жыцьця.

Завуць выканаўцу Ганарата Скарбэк (Honorata Skarbek), яна нарадзілася ў сьнежні 1992 году ў мясцовасьці Згожэлец (Zgorzelec). Нягледзячы на малады ўзрост, дзяўчына пасьпела выдаць ужо чатыры ўласныя кампакт-дыскі. Апошняя кружэлка пабачыла сьвет зусім нядаўна, 11 траўня гэтага году. Называецца кампакт «Sunset». Дарэчы, агулам сярод песьняў музыканткі шмат кампазыцый на ангельскай мове, нават, бадай, больш, чым на польскай, але нас цікавяць менавіта песьні па-польску.

Калісьці я ўжо казала пра Ганарату ў гэтай рубрыцы, але дзяўчына на пэўна яшчэ ня раз прыгадае пра сябе, маючы такі выдатны голас і музычны талент. Яна стараецца карыстацца жыцьцём на ўсе 100%, паколькі за свае кароткія гады пасьпела ўжо пераканацца, што мы – толькі госьці на гэтым сьвеце. Дзяўчына сутыкнулася з пэрспэктывай сьмерці, так як у падлеткавым узросьце ў яе знайшлі анкалягічнае захворваньне – хранічны міелалейкоз. Лячэньне скончылася пасьпяхова, з таго часу ў выканаўцы няма ўзнаўленьня, але такія людзі, якім удалося вырвацца з сур’ёзнай хваробы, як правіла стараюцца лепш выкарыстоўваць шанцы, якія дае ім жыцьцё, чым іншыя, здаровыя асобы, у якіх не было такіх эпізодаў у жыцьці.

Як я казала, Скарбэк ня толькі сьпявае, але займаецца таксама модай. Яшчэ ў 2012 годзе яна стварыла ўласны брэнд Soul Bird, які займаецца продажам модных аксэсуараў. Тады ж дзяўчына запраектавала дзьве блюзы для інтэрнэт-крамы, а годам пазьней выйшла цэлая калекцыя, якую аўтарка назвала «Мільён». Ганарата была таксама мадэльлю на паказе моды.

А я выбрала ў гэтую перадачу песьню пад загалоўкам «Адна цішыня «на сто слоў».

Jedna cisza na sto słów!

Zamykam oczy znów i na raz skaczę w dół

Nie widzę dróg, nie słyszę słów, i tak nie wrócę tu

Naiwnie ślepo wierzę, że ciągle coś mnie strzeże

Przykładam znów palec do ust, jedna cisza na sto słów

Dostrzegłam tęcze w mydlanej bańce

Lecz nie mogłam złapać jej

Ze wskazówkami w zegarku tańczę

Już nie potrafię zatrzymać się

Nie chce łapać rąk, które podają mi

Nowy horyzont sama odkryć chcę

Nie chcę mówić słów które dyktują mi

Gubię się by móc odnaleźć sens

Swoim krzykiem przebijam ciszę, nawet jeśli

nie słyszy nikt

Wstrzymuje oddech i w myślach liczę, płynie czas

nie chcę w miejscu tkwić

Nie chce łapać rąk, które podają mi

Nowy horyzont sama odkryć chcę

Nie chcę mówić słów które dyktują mi

Gubię się by móc odnaleźć sens

Адна цішыня на сто слоў!

Я закрываю вочы і адразу скачу ўніз. Ня бачу дарог, ня чую слоў, і так не вярнуся сюды. Наіўна сьлепа веру, што ўвесь час нешта мяне беражэ. Прыкладаю зноў палец да вуснаў, адна цішыня на сто слоў.

Я заўважыла вясёлку ў мыльным пухіры, але не магла яе злавіць. Я танцую са стрэлкамі гадзіньніка, ужо не магу затрымацца. Я не хачу хапацца за рукі, якія мне падаюць. Новы гарызонт сама хачу адкрыць. Не хачу казаць слоў, якія мне дыктуюць, я губляюся, каб магчы знайсьці сэнс.

Сваім крыкам я прабіваю цішыню, нават калі ня чуе ніхто. Я стрымліваю дыханьне і ў думках лічу, бяжыць час, я не хачу стаяць на месцы. Я не хачу хапацца за рукі, якія мне падаюць. Новы гарызонт сама хачу адкрыць. Не хачу казаць слоў, якія мне дыктуюць, я губляюся, каб магчы знайсьці сэнс.

Песьня, пад якую добра танцаваць. Ёсьць у ёй адпаведны рытм, мэлёдыя і кароткія фразы, хаця ёсьць таксама і сэнс, калі ўслухацца ў словы.

Zamykam oczy – я закрываю, заплюшчваю вочы. Калі па-беларуску слова закрываць адносіцца не да ўсіх назоўнікаў, то па-польску zamykać можа практычна ўсё – пачынаючы ад дзьвярэй, праз вокны, вочы, і заканчваючы абстрактнымі паняцьцямі, як, скажам, нейкі пэрыяд у жыцьці.

Coś mnie strzeże – нешта мяне беражэ або сьцеражэ. А вось anioł-stróż – гэта анёл-ахоўнік. Многія вераць, што кожны чалавек мае такога свайго анёла, які пільнуе, каб з ім не здарылася нічога дрэннага.

Dostrzegam tęczę w mydlanej bańce – я заўважаю вясёлку ў мыльным пухіры. На польскай мове bańka – гэта іншае, чым беларуская або расейская банка. Па-польску гэта słoik, але толькі шкляны, а банка з іншага матэрыялу, скажам, алюмінію, гэта puszka. А вось расейская пушка – гэта armata, амаль таксама, як беларуская гармата.

Nie chcę łapać rąk – я не хачу лавіць або хапаць, хапацца за рукі. Беларус бы хутчэй не сказаў «злавіць працягнутую руку», а «схапіць, схапіцца». А для палякаў złapać rękę – гучыць зусім нармальна.

Nie chcę w miejscu tkwić – я не хачу стаяць на месцы. Тут, канешне, маецца на ўвазе не фізычнае знаходжаньне ў адным месцы, хаця гэта таксама можа азначаць дадзеная фраза, але разьвіцьцё, прагрэс, які для Ганараты Скарбэк вельмі важны, і яна пра гэта піша і сьпявае.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт