Logo Polskiego Radia
Print

1898г.- Ганконг перадалі Вялікабрытаніі на 99 гадоў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.06.2018 08:16
  • 9.06.1898_Ганконг.mp3
Англія і так валодала Ганконгам, проста неабходна было захаваць фармальнасьці.
ГанконгГанконгpixabay.com/CC0 Creative Commons

9 чэрвеня 1898 году кітайскі горад Ганконг быў перададзены ў арэнду на 99 гадоў Вялікабрытаніі.

Ганконг (араматная гавань) – спэцыяльны адміністрацыйны рэгіён КНР. Ахоплівае тэрыторыю ў 1 тысячу квадратных кілямэтраў з насельніцтвам у 7 мільёнаў чалавек. На сёньняшні дзень гэта адзін з самых буйных фінансавых і эканамічных цэнтраў Азіі ды ў сьвеце, калісьці калёнія Вялікабрытаніі.

З 1842 году Ганконг быў акупаванай тэрыторыяй Вялікабрытаніі ў выніку так званых "опіюмных войнаў".

У 1860 годзе пасьля другой "опіюмнай вайны" з Кітаем, Вялікабрытанія цалкам кантралявала Коўлунскую паўвыспу, на якой разьмяшчаўся горад.

У 1898 годзе Вялікабрытанія падпісала дагавор з імпэратарскім дваром Цынь аб перадачы гэтых тэрыторыяў у арэнду Вялікабрытаніі на 99 гадоў.

Зразумела, што Англія і так валодала Ганконгам, проста неабходна было захаваць фармальнасьці. Эканамічная і палітычная юрысдыкцыя Вялікабрытаніі ў выніку гэтай дамоўленасьці была цалкавітай. Англія таксама атрымала права вайсковай абароны гэтай тэрыторыі.

Такім чынам Ганконг стаўся дадатковай калёніяй Вялікабрытаніі і заставаўся такой да 30 ліпеня 1997 году.

Пад уплывам Вялікабрытаніі Ганконг пачаў інтэнсіўна разьвівацца, узмацніўся гэты працэс пасьля прыходу камуністаў да ўлады ў Кітаю, калі шматлікія замежныя і кітайскія кампаніі пачалі пераносіць свой бізнэс у гэты горад.

У 80-я гады паміж урадамі Англіі і Кітаю пачаліся перамовы пра статус Ганконгу, які павінен быў захаваць пэўны сувэрэнітэт гораду пасьля перадачы Кітаю. У падпісанай бакамі дэклярацыі казалася пра тое, што Ганконг атрымае статус адміністрацыйнага раёну, які дазволіць яму захаваць уласныя законы й высокую ступень аўтаноміі прынамсі на бліжэйшыя 50 год. Перадача Ганконгу Кітаю адбылася 30 ліпеня 1997 году.

Ганконг стаў першай у Кітаі тэрыторыяй, адносна якой дзейнічае прынцып «адна краіна – дзьве сыстэмы», што мела на ўвазе суіснаваньне дзьвюх палітычных сыстэмаў капіталістычнай і камуністычнай у адной краіне.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт