30 чэрвеня 1946 году ў Польшчы адбыўся «народны рэфэрэндум».
Рэфэрэндум быў часткай працэсу ўсталяваньня камуністычнай улады на занятай савецкімі войскамі тэрыторыі Польшчы.
На рэфэрэндум выносіліся тры пытаньні – доўгі час у гісторыі гэты рэфэрэндум называлі "3 x так".
- Ці вы падтрымліваеце ліквідацыю Сэнату;
- Ці вы падтрымліваеце ўмацаваньне ў Канстытуцыі гаспадарчай сыстэмы нацыяналізацыю асноўных галінаў гаспадаркі пры захаваньні магчымасьцяў рэалізацыі прыватнай ініцыятывы;
- Ці вы падтрымліваеш устанаўленьне межаў Польскай дзяржавы на Балтыйскім моры, Одэры і Лужыцкай Нысе;
Вельмі інтэнсіўна праводзілася агітацыя – як дзяржаўным бокам так і апазыцыяй да новага парадку ў Польшчы.
Нягледзячы на тое, што ўлада фармальна знаходзілася ў руках Польскай працоўнай партыі й атрымоўвала ўсялякую дапамогу ад Савецкага Саюзу, апазыцыя была даволі моцная. Ядро апазыцыі складалася з нацыянальных рухаў, супраць камуністычных ініцыятываў таксама выступала Польская сялянская партыя, якая была даволі папулярнай сярод вяскоўцаў. Усе гэтыя арганізацыі агітавалі за тое, каб грамадзяне сказалі «не» падчас рэфэрэндуму.
У працэсе прыгатаваньня да рэфэрэндуму была створана Дзяржаўная камісія бясьпекі, але насамрэч, усё ўзяла ў свае рукі Масква, якая каардынавала дзейнасьць усіх сілавых структураў у супрацьдзеяньні апазыцыйным арганізацыям. Былі таксама ўтвораны адмысловыя ахоўна-прапагандысцкія групы.
Але ўвесь працэс арганізацыі і правядзеньня рэфэрэндуму знаходзіўся ў руках савецкага Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі пад кіраўніцтвам палкоўніка Арона Майсеевіча Палкіна.
Савецкія спэцслужбы прыгатавалі й рэалізавалі ўсе асноўныя мэханізмы фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму. У склад адмысловай групы ўваходзіла 15 чалавек.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі абсалютная большасьць было на «так», але рэальная сытуацыя выглядала абсалютна інакш. Па першаму пытаньню супраць выказалася 73%, падтрымала 26%, зЗгодна з афіцыйнымі вынікамі 68% прагаласавала «за». Па другому: супраць 58%, за 42%. Вэрсія афіцыйная – 77% «так». Трэцяе пытаньне: супраць 33%, так 66,9%, па афіцыйных дадзеных – 91% «так».
Рэальныя дадзеныя паказалі, што большая частка палякаў супраць сыстэмных зьменаў у Польшчы, за новыя камуністычныя ўлады выказвалася ня больш за 26 – 30 % грамадзянаў.
Адразу пасьля галасаваньня група Палкіна занялася «падлікам». Было сфальсіфікавана амаль 6 тыс. пратаколаў, падроблена 40 тыс. подпісаў кіраўнікоў камісій.
Вынікі рэфэрэндуму былі апублікаваныя толькі 12 ліпеня 1946 году. Выпрацаваныя мэханізмы фальсыфікацыі былі выкарыстаныя падчас парлямэнцкіх выбараў у 1947 годзе.
Павал Усаў