Logo Polskiego Radia
Print

16.06.1919 г. паўстала Славацкая Савецкая Рэспубліка

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.06.2018 10:46
  • Славацкая Савецкая Рэспубліка.mp3
Гэты дзяржаўны быт праіснаваў толькі адзін месяц.
Сьцяг Славацкай Савецкай Рэспублікі 16.06-7.07.1919г.Сьцяг Славацкай Савецкай Рэспублікі 16.06-7.07.1919г.https://commons.wikimedia.org/Public Domain

Гэта даволі кароткі, але цікавы пэрыяд у гісторыі Славакіі. Славакія да канца Першай сусьветнай вайны была часткай Аўстра-Венгерскай імпэрыі, пасьля распаду якой пачалі ўзьнікаць незалежныя краіны са сваімі асаблівымі палітычнымі рэжымамі.

Працэсы ўтварэньня новых дзяржаваў былі даволі супярэчлівымі, і суправаджаліся ідэалягічнымі і палітычнымі канфліктамі й войнамі.

На рэалізацыю тых ці іншых дзяржаўных праектаў, асабліва калі яны мелі камуністычны накірунак, уплывала савецкая Расея, якая імкнулася распаліць пажар сусьветнай рэвалюцыі.

У 1918 годзе была ўтворана Вянгерская Народная Рэспубліка, якая прапанавала Славакіі ўвайсьці ў склад новай дзяржавы на правах аўтаноміі, але ўрад Славакіі адмовіўся і разам з Чэхіяй была ўтворана новая дзяржава Чэхаславакія.

Гэта была параза Венгрыі, яна не магла пагадзіцца з новай рэчаіснасьцю. Калі ў сакавіку 1919 да ўлады ў Венгрыі прыйшлі камуністы й была абвешчана Савецкая Вянгерская Рэспубліка, распачаліся вайсковыя дзеяньні супраць Чэхаславакіі.

Можна сказаць, што ўтварэньне Славацкай Савецкай Рэспублікі было элемэнтам гібрыднай вайны супраць Чэхаславакіі.

На паўднёва-ўсходніх тэрыторыях, якія былі захоплены вянгерскім чырвоным войскам, было абвешчана пра ўтварэньне Славацкай Савецкай Рэспублікі. Сталіцай новай дзяржавы стаў горад Прэшаў, былі створаны ворганы кіраваньня, рэвалюцыйны выканаўчы камітэт, які ўзначаліў Антоні Янушэк, чэскі журналіст і камуністычны дзеяч. Славацкая Савецкая Рэспубліка сталася часткай Фэдэратыўнай Вянгерскай Савецкай Рэспублікі.

Першымі дэкрэтамі была ўведзена нацыяналізацыя ўсёй уласнасьці ў новай рэспубліцы, грамадзянскія суды былі перароблены ў рэвалюцыйныя трыбуналы, былі ўтвораны дзяржаўныя школы, а таксама ўласнае чырвонае войска.

Тым ня менш, гэтае ўтварэньне праіснавала толькі адзін месяц да 7 ліпеня 1919 году, калі чэскія войскі занялі тэрыторыю савецкай рэспублікі і ўключылі яе ў свой склад.

Кіраўнік краіны на пачатку зьбег у Вугоршчыну, пазьней намагаўся займацца палітычнай дзейнасьцю ў Чэхіі, але быў вымушаны зьехаць у Савецкі Саюз, дзе і памёр у 1941 годзе.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт