Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.06.2018 15:11
  • Янушы Т. Альхоўскі.mp3
"Янушы" Т.Альхоўскага - у ліку трох пераможных кампазыцый конкурсу "Песьня на 100".
www.pixabay.com

Як мы ўжо паведамлялі, у Польшчы сёлета быў аб’яўлены конкурс пад назваю «Песьня на 100». Гаворка ідзе ня столькі пра сотую гадавіну незалежнасьці краіны, колькі пра сто гадоў дзейнасьці Зьвязу аўтараў ZAiKS (Зьвяз аўтараў і сцэнічных кампазытараў), хаця адно, зразумела, зьвязана з другім. Дык вось, ЗАіКС і Польскае радыё аб’явілі конкурс на найлепшую кампазыцыю, прысьвечаную гэтай даце. Сума ўзнагарод складае 100 тыс. злотых, але маглі яе падзяліць некалькі песьняў.

Нядаўна журы выбрала тры найлепшыя кампазыцыі. І я хачу ў гэтай рубрыцы прадставіць вам, дарагія слухачы, усе тры песьні. Пачну з той кампазыцыі, якая атрымала ўзнагароду ў памеры 30 тыс. злотых за найлепшы тэкст. Цікава тое, што ў выпадку гэтай песьні і тэкст, і музыка, і выкананьне належаць да адной і той жа асобы. Напісаў яе Тадэвуш Альхоўскі, а называецца песьня «Янушы».

Некалькі словаў пра аўтара. Тадэвуш Альхоўскі жыве ў мясцовасьці Легніца. Ён – кампазытар, музыкант і аранжыроўшчык. Як сам аўтар піша на сваім інтэрнэт-сайце, музыка была прысутная ў яго жыцьці заўсёды. Гэтае захапленьне гукам і словам падштурхнула яго паступіць на факультэт музычнага выхаваньня Вышэйшай пэдагагічнай школы ў Зялёнай Гуры. Хутка пачаў выступаць з канцэртамі, заваёўваць узнагароды. Аднак уласныя, аўтарскія песьні Тадэвуш Альхоўскі стаў пісаць адносна нядаўна, у 2014 годзе, калі атрымаў узнагароду на фэстывалі імя Ёнаша Кофты «Мая свабода». Відаць, перамога дапамагла яму паверыць у сябе.

Песьня Тадэвуша Альхоўскага, якая перамагла больш за тысячу іншых кампазыцый на конкурсе «Песьня на 100», называецца «Янушы». Тым, хто ня ведае дакладна польскага жыцьця, трэба сказаць, што так гаворыцца пра звычайных, простых палякаў, з жартаўлівым падтэкстам. Але ў песьні Альхоўскага няма кпіны, ёсьць хутчэй гонар і захапленьне. Паслухайма.

Skarpeta figlarnie zagląda z sandała

Pulower - finezja - przyznać to muszę

Koszula za pasem, perfuma dość śmiała

To idą, to idą, to idą Janusze

Gdy kroczą tak pewnie, to spodni ich kanty

Są jak dziób statku co fale rozcina

Kroczą i wiedzą co pisał Konstantyn

i najważniejsza w życiu jest rodzina

I tolerancja, tak radio mówiło

Choć nie pamiętają jaka była stacja

Bo najważniejsze by się dobrze żyło

I czasem im się trafia manifestacja

W obronie lub przeciw transparent się znajdzie

Pod wąsem pieśń rośnie, że aż ściska duszę

Kant nad sandałem jak kosa powstańcza

I nogi nie zmylą, to przecież Janusze

Janusze, Janusze

taką szczerą, taka polską maja duszę

I ani trochę nie są hipsterami

bo są prawdziwi nie wykreowani

Janusze, Janusze

taką szczerą, taka polską maja duszę

I ani trochę nie są hipsterami

bo są prawdziwi i są z nami

I siła ich wielka, choć czasem się zdarza

że któryś gdzieś znika niezapowiedzianie

Tak jak Pan Młody co zwiał z przed ołtarza

I mówi, że nigdy już przed nim nie stanie

A jednak po latach coś w nim pęka znowu

I siła nieznana go ciągnie za uszy

Tak samo jest z nimi, rosną po kryjomu

I nagle przybywa, przybywa Januszy...

Janusze, Janusze

taką szczerą, taka polską maja duszę

I ani trochę nie są hipsterami

bo są prawdziwi nie wykreowani

Janusze, Janusze

taką szczerą, taka polską maja duszę

I ani trochę nie są hipsterami

bo są prawdziwi i są z nami!

Nawet gdy za pracą pojadą daleko

Niech nikt ich nie zmienia, bo tak w gruncie rzeczy

Tak jak my wszyscy boże są stworzenia

I nic ich z tego nigdy nie uleczy

I choć czasem Janusz pada snem zmożony

Bo ma serce rozdarte na wszystkie świata strony

To przecież najlepszą, bo polską ma duszę

Więc kocham jedyne na świecie Janusze

Шкарпэтка гульліва зазірае з сандала. Пуловэр – тонкасьць, трэба прызнаць. Кашуля за поясам, парфума даволі сьмелая. Гэта ідуць Янушы. Калі ідуць так упэўнена, то штаноў іх канты – як нос судна, які рэжа хвалі.

Ідуць і ведаюць, што пісаў Канстанцін. Самае важнае ў жыцьці – сям’я, і талерантнасьць, як радыё казала, хаця ня памятаюць, якая была станцыя. Самае важнае – каб добра жылося. І часам ім трапляецца маніфэстацыя. У абарону або супраць транспарант знойдзецца. Пад вусамі песьня расьце, аж шчыпае душу. Кант над сандалам – як паўстанцкая каса. І ногі не памыляцца, гэта ж Янушы.

Янушы, Янушы. Такую шчырую, такую польскую маюць душу. І нічога ў іх няма з гіпстэраў, яны сапраўдныя, ня штучна створаныя. Янушы, Янушы, такую шчырую, такую польскую маюць душу, бо яны сапраўдныя, яны з намі. І моц іх вялікая, хаця часам здараецца, што хтосьці з іх прападае без папярэджаньня. Так, як жаніх уцякае ад алтара і гаворыць, што ніколі ўжо да яго не прыйдзе. Але ўсё ж такі праз гады нешта ў ім лопаецца зноў і невядомая сіла цягне яго за вушы. Таксама з імі, яны растуць таемна, і раптам пашыраецца лік Янушаў.

Янушы, Янушы, такую шчырую маюць душу. Яны сапраўдныя, не прыдуманыя, яны зусім не гіпстэры, яны сапраўдныя. Яны з намі! Нават калі на працу паедуць далёка, ніхто іх ня зьменіць, бо насамрэч, таксама як мы, усе – божыя стварэньні, і нішто іх ад гэтага ніколі ня вылечыць. І хоць часам Януш падае, змораны сном, бо яго сэрца рвецца на ўсе бакі сьвету, то ўсё ж такі ў яго найлепшая, польская душа. І таму я кахаю адзіных на сьвеце Янушаў.

Janusze – Янушы. Адкуль гэта ўзялося, цяжка сказаць, але нейкі час таму імя Януш стала ў Польшчы сынонімам чагосьці простага, а нават грубага, з чаго можна жартаваць, сьмяяцца. Якраз мне падабаецца ў песьні Тадэвуша Альхоўскага, што няма ў ёй насьмешкі, наадварот, ён з гонарам піша пра сваіх суайчыньнікаў, палякаў, народ Янушаў.

Skarpeta figlarnie zagląda z sandała – шкарпэтка гульліва зазірае з сандала. Лічыцца, што да сандалаў абсалютна забаронена апранаць шкарпэткі. І адна з прыкметаў адсутнасьці выхаваньня і добрага тону – менавіта шкарпэткі, найлепш белыя, і сандалы. Можа, трэба ўвесьці новую моду – усім пачаць хадзіць у шкарпэтках і сандалах, тады ніхто не адважыцца казаць, што так нельга.

Nie są hipsterami, są prawdziwi, nie wykreowani – яны не гіпстэры, яны сапраўдныя, не створаныя. Гіпстэры – гэта супрацьлегласьць Януша, чалавек, як правіла малады, зь вялікага гораду, бывалы, модна апранаецца, цікавіцца навінкамі, часам нават цяжка распазнаць, ці гэта мужчына, ці жанчына.

Znika niezapowiedzianie – зьнікае, прападае без папярэджаньня. Палякі вельмі любяць нешта zapowiadać – гэта значыць, папярэджваць аб чымсьці, што адбудзецца ў будучыні.

Pan Młody – гэтак на польскай мове называецца жаніх. Таксама ёсьць Panna Młoda. А жаніх і нявеста – гэта Państwo Młodzi.

Pojadą za pracą – паедуць у іншы горад або нават краіну ў пошуках працы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт