Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы знаходзяцца найбольш дакладныя гадзіньнікі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 05.07.2018 16:57
Атамныя гадзіньнікі вызначаюць час з дакладнасьцю дзесяць падвышанае да ступені мінус 14.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Гэтыя апараты разьмешчаныя ў Лябараторыі часу й частаты Польскай акадэміі навук у мясцовасьці Баровец (Borowiec), што блізу Познані.

Польскія гадзіньнікі дапамагаюць вызначаць актуальны час у сьвеце. Вельмі дакладны час неабходны таксама для навуковых дасьледаваньняў па фізыцы ці астраноміі.

Там, дзе цяпер знаходзіцца лябараторыя часу, раней была астранамічная абсэрваторыя. Навуковы цэнтар знаходзіцца далёка ад горада, дзе няма памехаў ад сьветлавых хваль, – адзначае супрацоўнік дасьледчага цэнтра кандыдат навук Ежы Наўроцкі.

Е.Наўроцкі: Такое разьмяшчэньне вельмі карыснае ў сытуацыі, калі мы працуем з атамнымі гадзіньнікамі. У нас тут практычна няма электрамагнітных памехаў і мэханічных вібрацый, якія могуць перашкаджаць працы дакладных гадзіньнікаў. Гэта найбольш дакладныя гадзіньнікі ў Польшчы. Таксама яны ўваходзяць у лік найбольш дакладных у сьвеце.

Вядома, няма аднаго часу, так як ёсьць узор кіляграма ці аднаго мэтра. Адзінкай часу зьяўляецца атамная сэкунда. Як яна вызначаецца? Расказвае Ежы Наўроцкі.

Е.Наўроцкі: Атамная сэкунда зьяўляецца сярэдняй паказаньняў 300-400 гадзіньнікаў у сьвеце, у тым ліку нашых. Гэтыя вынікі супастаўляюць. На гэтай аснове Міжнароднае бюро мераў і вагаў падае актуальны час. На працягу тысячы гадоў аж да паловы 20 стагодзьдзя асноўнай адзінкай часу былі суткі – гэта значыць пэрыяд часу вызначаны сутачным вярчэньнем Зямлі. Гэта зьмянілася ў палове 20-та стагодзьдзя, калі выявілася, што кварцавы і атамны гадзіньнік значна больш дакладныя і стабільныя, чым адзінка часу, прывязаная да сутачнага вярчэньня Зямлі. Было прынятае рашэньне вызначыць новую адзінку часу, якой сталася сэкунда.

«Атамныя гадзіньнікі вызначаюць час з дакладнасьцю дзесяць падвышанае да ступені мінус 14. Яшчэ больш дакладныя вадародныя гадзіньнікі, якія даюць дакладнасьць дзесяць падвышанае да мінус 15, 16», - патлумачыў Наўроцкі з Лябараторыі часу й частаты Польскай акадэміі навук.

Дакладны час патрэбны для навуковых дасьледаваньняў па фізыцы й астраноміі. Дакладным часам і частатой карыстаюцца таксама сыстэмы спадарожнікавай сувязі.

Паводле PAP/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт