Logo Polskiego Radia
Print

14 ліпеня 1789 г. пачалася Вялікая Француская рэвалюцыя

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 14.07.2018 09:13
  • 14.07.1789_француская рэвалюцыя.mp3
Раніцай рэвалюцыянеры захапілі склад зброі й затым здабылі Бастылію.
Карціна «Ўзяцьце Бастыліі», Жан П'ер УэльКарціна «Ўзяцьце Бастыліі», Жан П'ер Уэльcommons.wikimedia.org/Bibliothèque nationale de France/Public Domain CC0

Вялікая Француская рэвалюцыя аказала вялізарны ўплыў на гістарычныя лёсы Эўропы ды ўсяго сьвету. На доўгія часы акрэсьліла шлях разьвіцьця эўрапейскіх грамадзтваў і ў тым ліку паўплывала на Рэч Паспалітую.

Штуршком для рэвалюцыйных падзеяў сталася супрацьстаяньне напрыканцы чэрвеня 1789 году паміж францускімі Генэральнымі штатамі, тагачасным парлямэнтам, які абвясьціў сябе Канстутыцыйным сходам, маючым права скласьці канстытуцыю, і каралём Францыі Людовікам XVI. Кароль разумеў, што траціць кантроль і вырашыў падавіць рэвалюцыйны рух у Парыжы пры дапамозе сілы, швэйцарскімі і нямецкімі наёмнікамі ў колькасьці 20 тыс., якія былі ўведзены ў горад. Людовік XVI казаў: «калі трэба спаліць Парыж, мы яго спалім». Але гэтыя дзеяньні толькі змабілізавалі грамадзтва.

7 ліпеня ў Парыжы распачаліся мітынгі. Адзін з прамоўцаў Каміль Дэмулен, заклікаў грамадзян да зброі дзеля абароны гораду ад інтэрвэнтаў. Дзеля таго, каб адрозьніваць абаронцаў, ад праціўнікаў, Дэмулен прапанаваў прышпіліць зялёную какарду, колер якой назваў колерам надзеі. Спробы разагнаць натоўп прывялі да яшчэ большага супраціву. Да бунтуючых далучылася француская гвардыя. 13 ліпеня Генэральныя штаты абвясьцілі пра ўтварэньне Рэвалюцыйнай камуны й Нацыянальнай гвардыі.

Раніцай 14 ліпеня рэвалюцыянерамі быў захоплены склад зброі, чакалася, што каралеўскія войскі хутка пачнуць штурм Парыжа. Адным з важных плацдармаў для атакі лічылася Бастылія, якая была моцнай крэпасьцю і ў той час выконвала функцыю гарадзкой вязьніцы. Бастылія зьяўлялася сымбалем францускай манархіі і ўсіх яе благіх дзеяньняў. На момант штурму крэпасьці-вязьніцы там знаходзілася толькі 8 вязьняў: фальшываманетчыкі, дзьве хворыя псыхічна асобы і адзін забойца. Ахоўвалі Бастылію 114 чалавек.

На працягу некалькі гадзінаў, нягледзячы на даволі вялікія страты, Бастылія была ўзятая. Праз некалькі месяцаў крэпасьць была зьнішчана і з яе каменьня пабудавалі "Мост згоды". 14 ліпеня пазьней стаў адным з галоўных нацыянальных сьвятаў Францыі.

Захоп Бастыліі паклала пачатак Французскай рэвалюцыі, якая прывяла да ўсталяваньня Рэспублікі, але таксама да крывавага рэвалюцыйнага тэрору.

Нягледзячы на зьмены, якія адбыліся ў Францыі, яны паўплывалі таксама на разьвіцьцё іншых эўрапейскіх краінаў. Дзеля таго, каб спыніць рэвалюцыйную хвалю Расейская імпэратрыца Кацярына ІІ зьбіралася выслаць у Францыю войскі, але падзеі ў Рэчы Паспалітай і яе падзел зацягнулі імпэратарскі паход у Францыю.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт