Logo Polskiego Radia
Print

Фараонам у грабніцы клалі нават кансэрвы

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.07.2018 12:51
Гарады старажытнага Эгіпта знаходзяцца на глыбіні некалькіх дзясяткаў мэтраў.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Старажытныя эгіпцяне ўкладвалі ў труны кансэрвы — муміфікаваных качак і гусей у гліняных або каменных ёмістасьцях. Гэтыя ёмістасьці нагадваюць цела птушкі. Такія дзеяньні старажытных людзей павінны былі забясьпечыць мёртвым добрае жыцьцё на тым сьвеце.

Тэадоз’я Жавуска, эгіптоляг, археоляг, дырэктар Інстытута міжземнаморскіх і ўсходніх культур Польскай акадэміі навук, праводзіла раскопкі ў Сакары, Луксоры, Асуане. Яна расказала, што польскія вучоныя дагэтуль працягваюць працаваць у Эгіпце. Паводле яе слоў, дагэтуль большасьць аб’ектаў, якія вывучаюць эгіптолягі, гэта старажытныя могілкі, у т. л. піраміды, і храмы.

А вось старажытныя эгіпецкія гарады знаходзяцца пад сучаснай забудовай. Справа ў тым, што эгіпцяне селяцца на адных і тых жа месцах, уздоўж Ніла, на працягу вось ужо 5000 гадоў. Часам падмуркі самых раньніх эгіпецкіх паселішчаў знаходзяцца на глыбіні некалькіх дзясяткаў мэтраў. Іх знаходзяць дзякуючы сьвідраваньню. Таксама старажытныя будынкі выяўляюцца падчас узьвядзеньня сучасных гмахаў — у Асуане, Александрыі.

Будавалі эгіпцяне з сушанай на сонцы цэглы. Аднак гэта ня быў трывалы матэрыял. Таму, напрыклад, нічога не ўцалела ад палаца эгіпецкіх фараонаў у іх сталіцы Мэмфісе.

Засталіся толькі грабніцы і храмы, бо іх будавалі з больш трывалага матэрыялу — каменю.

Увогуле, эгіпцяне лічылі, што варта клапаціцца ня столькі пра хлеб штодзённы, колькі пра жыцьцё замагільнае. Ужо пры жыцьці заможныя эгіпцяне будавалі сабе магілы.

Праўда, каменныя саркафагі маглі сабе дазволіць толькі самыя багатыя. Большасьць людзей хавалі ў драўляных, гліняных, трысьняговых трунах. Або проста клалі ў зямлю.

Бедныя эгіпцяне не маглі разьлічваць на лепшае жыцьцё на тым сьвеце. Заможныя ж лічылі, што яно будзе там яшчэ больш раскошнае. На той сьвет з сабой бралі зброю, біжутэрыю, касмэтыку, нават піва, віно, хлеб і садавіну. Усё гэта цяпер знаходзяць археолягі.

Gazeta Wyborcza Alehistoria/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт