Logo Polskiego Radia
Print

Прыехаў у вёску - ня скардзься на смурод і шум!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.08.2018 14:54
Гараджанам прапануюць падпісваць заяву, што яны ведаюць пра спэцыфіку працы фэрмэраў.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Польскія фэрмэры прапануюць, каб гараджане, якія вырашаюць прыехаць у вёску, падпісвалі адмысловыя заявы, што яны ведаюць пра спэцыфіку жыцьця ў вёсцы. Справу апісвае „Gazeta Wyborcza”, прыгадваючы, што апошнім часам усё больш фэрмэраў атрымлівае штрафы за тое, што перашкаджаюць адпачываць суседзям.

Нацыянальная рада сельскагаспадарчых палат (самы буйны ў Польшчы самаўрад фэрмэраў) выслаў у Міністэрства сельскай гаспадаркі ліст з прапановаю, каб гараджане, якія прыяжджаюць у вёску, падпісвалі заяву, што яны ведаюць пра спэцыфіку працы фэрмэраў і ня будуць мець да іх прэтэнзій. У лісьце нагадваюць, што праца фэрмэра залежыць ад надвор’я і пары году, не заўсёды ён можа працаваць у акрэсьленых гадзінах.

Былыя гараджане скардзяцца на працуючыя камбайны на палях да позьняй ночы, гразь, якую яны прывозяць з палёў, працу з самага раньня й у выходныя, на тое, што яны пакутуюць ад смуроду гною.

На думку дырэктара прэс-бюро Міністэрства сельскай гаспадаркі Малгажаты Ксёнжык, прапанаваная дэклярацыя – гэта лёгкае перабольшаньне, паколькі яна магла б стаць прычынай абмежаваньня грамадзянскіх правоў асоб, якія такі дакумэнт падпішуць.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт