Logo Polskiego Radia
Print

Польскі касьмічны праект прайшоў у фінал конкурсу НАСА

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.08.2018 15:10
  • 2.08.18.mp3
Студэнты распрацавалі касьмічны модуль, які мог бы даставіць на Марс людзей.
крыніца: http://www.scorpio.pwr.edu.pl

Студэнты Ўроцлаўскага тэхналягічнага ўнівэрсытэта распрацавалі касьмічны модуль, які мог бы даставіць на Марс ня толькі вялікі груз, але й людзей. «Eagle» (Арол) – так называецца станцыя, якая будзе спаборнічаць у жніўні ў фінале конкурсу, арганізаванага марсіянскім таварыствам The Mars Society і амэрыканскім касьмічным агенцтвам НАСА.

Расказвае ўдзельніца праекту Юстына Пэльц, навуковае кола OFF-Road: Мы спраектавалі пасадачны модуль, які здольны паставіць 10 тон грузу на Марс. Гэта быў вялікі выклік, бо дагэтуль самы буйны груз, дастаўлены на Марс, важыў адну тону й гэта быў марсаход. Наш касьмічны апарат складаецца з модуляў. Першы модуль гэта капсула, у якой зьмяшчаюцца груз або людзі, электронныя прылады, і другі модуль для пасадкі, распрацаваны на аснове HIAD, які стварыла НАСА. Гэта агромністая паветраная падушка, якая раскладаецца падчас пасадкі й стварае большую паверхню тармажэньня. Дарэчы, тармажэньне зьяўляецца самым вялікім выклікам, паколькі гэта вялізарны груз, а атмасфэра Марса не спрыяе якім-колечы пасадкам. Гэты аспэкт мы распрацоўвалі найбольш часу. Іншая вельмі важная ў гэтым праекце справа - гэта тое, каб наш касьмічны апарат быў прыстасаваны для людзей. Мы вырашылі, што групавыя палёты яшчэ ня будуць ажыцьцяўляцца, аднак, паколькі наш касьмічны пасадачны апарат збудаваны з модуляў, то модуль для марсаходаў ці прыладаў мы можам замяніць модулем, у якім будуць жыць астранаўты.

"Наш праект дае магчымасьць адпраўляць на Марс людзей", адзначае ўдзельніца праекту Яанна Кузьма, навуковае кола OFF-Road: Місія будзе працягвацца не даўжэй чым 10 месяцаў. У модульнай частцы знаходзіцца шэраг інсталяцый - сыстэма ачысткі паветра, рэцыркуляцыйная сыстэма вады, цяпла, забесьпячэньне электрычнасьцю. Гэта вельмі комплексны модуль, які на чужой плянэце павінен стварыць чалавеку ўмовы для жыцьця. Акрамя чыста фізіялягічных справаў, мы ўлічылі таксама псыхалягічныя аспэкты, бо існуе мінімальная прастора, неабходная для добрага самаадчуваньня чалавека. Дасьледаваньні па гэтым пытаньні праводзіла НАСА і мы выкарысталі гэтыя дадзеныя. Акрамя гэтага, ёсьць і іншыя праблемы, як, напрыклад, меншая, чым на Зямлі гравітацыя. У выніку газ рухаецца інакш, чым на нашай плянэце. Напрыклад, дыханьне – на Зямлі не існуе праблемы з дыяксідам вугляроду. Аднак жа, у выніку паніжанай гравітацыі на Марсе няма руху паветра й неабходна выкарыстаць вэнтыляцыю, каб астранаўт не задыхнуўся ад нястачы кіслароду падчас сну.

Праект студэнтаў Ўроцлаўскага тэхналягічнага ўнівэрсытэта ўвайшоў у фінальную пяцёрку праектаў і ў жніўні яго будуць дэманстраваць перад журы НАСА і Mars Society.

Польскія студэнты вераць у перамогу, тым больш, што спэцыялісты, якія супрацоўнічалі з імі, высока ацэньваюць дадзены праект.

PAP/яс

Эфірны выпуск перадачы "Навука й тэхніка" ў далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт