Logo Polskiego Radia
Print

Вяндліна можа выклікаць праблемы з псыхічным здароўем

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.08.2018 16:22
Асабліва шкодныя ў вяндлінах нітраты.
pixabay.com/Public Domain CC0

Спажываньне купленай вяндліны можа выклікаць праблемы з псыхічным здароўем, у прыватнасьці, з біпалярным афэктыўным разладам. Такую выснову зрабілі амэрыканскія вучоныя.

Надактыўнасьць, эўфарыя, бяссоніца, запаволенасьць – карацей сымптомы хваробы біпалярнага афэктыўнага разладу могуць мець цесную сувязь са спажываньнем бэкону, салямі, прамыслова сушанай ялавічыны – сьцьвярджаюць дасьледчыкі ўнівэрсытэту Джонса Хопкінса ў Балтымары. Хвароба наўпрост зьвязаная з дыетай, ад якой залежыць склад бактэрыяльнай флёры ў нашых кішках, сьцьвердзілі амэрыканскія вучоныя.

Спачатку Доктар Робэрт Ёлькэн (Robert Yolken) дасьледаваў, ці да псыхічнага разладу могуць прычыніцца заражэньні вірусамі праз стрававальную сыстэму. На працягу апошніх дзесяці гадоў доктар абсьледаваў больш за тысячу пацыентаў ва ўзросьце 18-65 гадоў.

У выніку выявілася, што пацыенты, якія трапілі ў шпіталь з-за атакі дэпрэсіі і маніі, у 3,5 раза больш спажывалі вяндліны, чым людзі, у якіх не было праблем з псыхічным здароўем.

Аўтары напрацоўкі па гэтаму пытаньні не сумняюцца, што галоўную адказнасьць нясуць нітраты, якія масава выкарыстоўваюцца падчас прамысловага захоўваньня і перапрацоўкі мясных вырабаў. Дарэчы, навукоўцы здаўна абвіняюць нітраты ў анкалягічных захворваньнях і нэўрадэгенэрацыйных захворваньнях.

Доктар Ёлькэн разам са сваёй камандай правялі дасьледаваньні на пацуках.

Адна група пацукоў атрымлівала звычайны корм, другая – корм з дабаўкамі прамыслова сушанай ялавічыны і трэцяя - экалягічную ялавічыну.

Атрымалася, што ў пацукоў, якія елі ялавічыну з дабаўкай нітратаў, ужо праз два тыдні заўважаліся сымптомы псыхічнага разладу: бяссоніца і надактыўнасьць. У астатніх дзьвюх групах пацукоў не было ніякіх праяваў разладу сну ці эўфарыі.

Вучоныя дасьледавалі таксама стрававальную сыстэму пацукоў, на якіх праводзіўся экспэрымэнт. Пацукі, што елі корм з мясам з нітратамі, мелі іншую бактэрыяльную флёру чым астатнія. Да таго ж вучоныя выявілі адрозьненьні малекулярных шляхоў у мозгу, якія спрыяюць псыхічным захворваньням.

Gazeta Wyborcza/W.Moskal/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт