Logo Polskiego Radia
Print

1 верасьня 1939 году пачалася Другая Сусьветная вайна

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.09.2018 08:08
  • 1.09.1939_лісток календара.mp3
Гітлер падпісаў загад пра нападзеньне на Польшчу ўначы 31 жніўня.
Крэйсер Шлезвіг-Гальштэйн, які пачаў абстрэл Вэстэрплятэ Крэйсер Шлезвіг-Гальштэйн, які пачаў абстрэл Вэстэрплятэ Von Siegfried Raap - Archiv Peter Raap, Gemeinfrei, https://commons.wikimedia.org

Другая Сусьветная вайна найбуйнейшы і найбольш крывавы канфлікт у гісторыі чалавецтва. У ёй бралі ўдзел 61 краіна, яна закранула 80% насельніцтва Зямлі, вялася на 3 кантынэнтах і ў водах 4 акіянаў. Гэта адзіны канфлікт, падчас якога была выкарыстана атамная зброя. У вайне загінула каля 65 мільёнаў чалавек і толькі 27 мільёнаў гэта баявыя страты.

Вайна пачалася ў выніку нападзеньня войскаў гітлераўскай Нямеччыны і іх саюзьніка Славакіі на Польшчу.

Нямецкія вайсковыя дзеяньні супраць Польшчы атрымалі кодавую назву «Плян Вайс», альбо «Белы плян». Ён ад самага пачатку прадугледжваў ваенныя дзеяньні без аб’яўленьня вайны.

Гітлер падпісаў загад пра нападзеньне на Польшчу ўначы 31 жніўня. Баявыя дзеяньні павінны былі распачацца 1 верасьня а 4-ай гадзіне раніцы.

Увечары 31 жніўня нямецкае радыё абвясьціла тэкст нямецкага ўльтыматуму, так званыя «16 пунктаў», якія з большага датычылі нямецкіх тэрытарыяльных прэтэнзій да Польшчы. У гэты ж час у Глівіцах нямецкая спэцслужба СД рыхтавала правакацыю пад кодавай назвай «Гімлер», якая павінна была стаць прапагадавым і палітычным прэтэкстам для вайны. Да вайны Глівіцы ўваходзілі ў склад Нямеччыны.

У 8 гадзін вечара 31 жніўня 7 чалавек, якія нібыта паходзілі з групы сілескіх паўстанцаў, распачалі акцыю з мэтай захопу радыёстанцыі. Пасьля таго, як станцыя была захоплена, у эфір былі накіраваныя словы на польскай мове: «Увага, радыёстанцыя знаходзіцца ў руках палякаў». Правакацыі адбыліся і ў іншых нямецкіх памежных мясцовасьцях.

Нямецкая прапаганда выкарыстала гэтую сытуацыю як пацьверджаньне таго, што Польшча рыхтуе напад на Нямеччыну, і што немцы будуць толькі бараніцца.

1 верасьня ў 4.40 немцы атакавалі Польшчу па ўсёй лініі фронту, на якой былі сканцэнтраваны 1.5 мільёны чалавек.

Згодна з плянам Гітлера, Польшча павінна была быць захоплена на працягу 14-ці дзён. Але вайна з Польшчай доўжылася 55 дзён.

Сымбалем атакі на Польшчу стаўся абстрэл нямецкім крэйсерам «Шлезвіг-Гальштэйн» паўвострава Вэстэрплятэ, на якім знаходзіліся польскія вайсковыя часткі ў межах гораду Гданьск.

3 верасьня 1939 года вайну гітлераўскай Нямеччыне абвясьцілі Францыя і Англія, якія аднак не прыйшлі з дапамогай Польшчы.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт