Logo Polskiego Radia
Print

Навукоўцы занесьлі мёд у лік добрых сродкаў ад кашлю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.09.2018 14:23
Адмыслоўцы шукаюць магчымасьцяў абмежаваць выкарыстаньне антыбіётыкаў.
www.pixabay.com/CC0

Спэцыялісты па ахове здароўя ў Вялікабрытаніі падрыхтавалі рэкамэндацыі для пацыентаў і лекараў, якія датычаць лячэньня асеньніх інфэкцый – паведамляе ўкладыш выданьня «Gazeta Wyborcza», прысьвечаны здароўю.

Паводле ангельскіх адмыслоўцаў, лякарствамі першага выбару зьяўляюцца ў такім выпадку мёд і некаторыя зёлкі. Такі крок можа зьдзіўляць, так як пераважна ўрачы нас папярэджваюць, каб не прымаць лекаў без кансультацыі з доктарам. Аднак гаворка ідзе пра вельмі сур’ёзную справу – злоўжываньне антыбіётыкамі, паколькі амаль палова ангельскіх лекараў прапісвае антыбіётыкі на кашаль або вірусны бранхіт.

Цёплы напой з мёдам, а таксама лімонам ды імбірам – гэта добра вядомы дамашні прэпарат на кашаль. Брытанскія адмыслоўцы кажуць: ёсьць пэўныя доказы, што такое лячэньне можа зьменшыць сымптомы інфэкцыі і паскорыць выздараўленьне. Акрамя мёду, у сьпіс рэкамэндаваных сродкаў трапілі таксама лекі, якія ўтрымліваюць адзін з відаў пэляргоніі (Pelargonium sidoides), гвайфэнэзін або дэкстрамэтарфан. Гэта лекі ад кашлю рознага віду.

Брытанцы раяць карыстацца гэтымі сродкамі яшчэ перад візытам у лекара. Мёд лепш не даваць дзецям да канца першага году жыцьця, бо ён можа ўтрымліваць небясьпечныя для малых дзяцей бактэрыі. У сваю чаргу антыбіётыкі неабходна прапісваць толькі ў крайнім выпадку, паколькі як правіла яны ня лечаць інфэкцыі, якая праяўляецца кашлем. Справа ў тым, што кашаль часьцей за ўсё выклікаюць вірусы, а на іх антыбіётыкі ня дзейнічаюць. У выніку злоўжываньня антыбіётыкамі цяпер нават простыя інфэкцыі цяжэй лячыць, таму неабходна прымаць тэрміновыя крокі з мэтаю абмежаваньня маштабу ўжываньня антыбіётыкаў. Калі антыбіётыкі перастануць дзейнічаць, то звычайныя для нашага часу мэдыцынскія працэдуры, такія, як лячэньне анкалёгіі і перасадкі органаў, стануць надта небясьпечнымі.

Канешне, часам неабходна выпісаць антыбіётык, нават на кашаль. Такая тэрапія можа быць патрэбная асобам, якія маюць хранічныя хваробы лёгкіх, прымаюць лякарствы, якія падаўляюць імунную сыстэму, неданошаным дзецям, а таксама людзям, старэйшым за 65 гадоў, якія хварэюць цукровым дыябэтам, маюць хворае сэрца або лечацца кортыкастэроідамі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт