Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.09.2018 16:23
  • Pocztówka do Państwa Jareckich Perfect.mp3
Пра канфлікт пакаленьняў сьпявае гурт "Perfect".
www.pixabay.com

Зноў я вярнуся сёньня да клясыкі польскай музычнай сцэны. Гурт "Perfect" даўно ўжо стаў легендай сярод рок-калектываў Польшчы. Нагадаю, заснаваная група была пад канец 70-ых гадоў мінулага стагодзьдзя, вялізную папулярнасьць яна заваявала на працягу першых 5 гадоў свайго існаваньня, да 1983 году, калі было аб’яўлена рашэньне аб самароспуску гурту. Справа ў тым, што група не магла даваць канцэртаў у Польшчы, паколькі ўлады лічылі, штор яна шкодзіць сацыялістычнаму ладу краіны.

Бадай, найважнейшы чалец гурту "Perfect" – Зьбігнеў Голдыс (Zbigniew Hołdys), які пісаў тэксты песьняў, што сталі вялікімі шлягерамі музычнага калектыву. На пачатку 80-ых у склад групы ўвайшоў Гжэгаж Маркоўскі (Grzegorz Markowski), які да нашых часоў зьяўляецца вакалістам і практычна тварам гурту. Праўда, на працягу дзясяткаў гадоў у склад калектыву ўваходзіла нямала людзей, мяняліся пераважна музыканты – некалькі чалавек памерла, іншыя самі адмаўляліся ад нялёгкага жыцьця рок-музыкі, а вось Маркоўскі застаецца ў Пэрфэкце.

Як я казала, калектыў быў распушчаны на пачатку 80-ых, але зноў пачаў дзейнічаць у 90-ыя гады мінулага веку. Музыканты выдаюць кружэлкі, выступаюць з канцэртамі. Хаця, канешне, гэта ўжо ня тая шалёная папулярнасьць, як на пачатку існаваньня калектыву, калі ў Польшчы існавала вялікая запатрабаванасьць на такога роду музыку. А я прапаную вам песьню гурту Пэрфэкт, у якой гаворыцца пра канфлікт пакаленьняў, бацькаў і сыноў ды дачок. Называецца кампазыцыя «Паштоўка да спадарства Ярэцкіх».

Dajcie mi w mym życiu poprzebierać
Chociaż w tym chcę mieć wolny wybór
Nie każ mi iść jutro do fryzjera
Lub jak ty włożyć ten sam ubiór
Włosy me to symbol pokolenia
Bezradnego tak jak często ty
Uwierz mi, że świat się jednak zmienia
Wapno spłucz żywszym biegiem krwi
Dajcie mi się z wami znów pospierać
O to co mnie boli właśnie dziś
Jak to jest, że ciebie nie docenia
Twoja córka i twój własny syn
Światło rzuć na lata co uciekły
Gdzie i jak zgubiłeś swój ideał
Ty miałeś być jak ja tak nieugięty
Za jaką z cen tyś się im sprzedał
Starość jest okrutnie niezależna
Kosa tnie żebraka tak jak króla
Doradź mi jak błędów nie popełniać
Ty i ja zdążymy zrobić cuda
Dajcie mi w mym życiu poprzebierać
Tyle słów ja mam w temacie tym
Uwierz mi, że świat się jednak zmienia
Wapno spłucz żywszym biegiem krwi

Дайце мне ў гэтым жыцьці паперабіраць, хаця б у гэтым я хачу мець свабодны выбар. Не гавары, каб я ішоў заўтра да цырульніка або каб апрануў тое ж самае, што і ты. Валасы – гэта сымбаль пакаленьня, бездапаможнага, таксама, як часта і ты. Павер мне, што сьвет усё ж такі мяняецца. Спаласьні вапну больш хуткім кровазваротам, дайце мне зноў з вамі паспрачацца, за тое, што мне баліць менавіта сёньня.

Як гэта бывае, што цябе ня цэніць уласная дачка і ўласны сын? Зірні на гады, якія прайшлі, пашукай, дзе і як ты згубіў свой ідэал. Ты хацеў быць, таксама як і я, прынцыповы. За якую цану ты ім прадаўся?

Старасьць жорстка незалежная. Каса рэжа і жабрака, і караля. Парай мне, як не рабіць памылак. Ты і я пасьпеем зрабіць цуды. Дайце мне ў гэтым жыцьці паперабіраць. Столькі слоў у мяне на гэтую тэму. Павер мне, што сьвет усё ж такі мяняецца. Спаласьні вапну больш хуткай плыньню ў кровазвароце.

Разгляд тэксту кампазыцыі, якую напісаў Зьбігнеў Голдыс, я пачну з загалоўка. Я пераклала яго як «паштоўка да Ярэцкіх», а арыгінал гучыць «Pocztówka do państwa Jareckich». Ну, слова Państwo тут зразумелае – гэта, канешне ж, не дзяржава, хоць існуе і такое значэньне гэтага выразу, а спадарства, ці сужонства – муж і жонка Ярэцкія. Пра якіх жа Ярэцкіх ідзе гаворка, калі аб іх няма ў гэтым тэксьце ні слова? Справа ў тым, што Ярэцкія – гэта ў школьным жаргоне проста сынонім бацькоў. Адкуль гэта ўзялося, я, на жаль, не знайшла, дарэчы, часта вельмі цяжка або нават немагчыма прасачыць генэзіс падобных жаргонных выразаў.

Nie każ mi jutro iść do fryzjera – не кажы, не загадвай, каб я заўтра ішоў да цырульніка. Сапраўды, доўгія валасы – гэта сымбаль маладога пакаленьня, прынамсі ў тыя часы, калі пачынаў сьпяваць Пэрфэкт, сымбаль бунту маладых супраць старэйшага пакаленьня.

Wapno spłucz – спаласьні вапну. У Польшчы zwapniały – гэта сынонім чагосьці акасьцянелага, састарэлага, што ўжо нямоднае і несучаснае. Wapniak – так гавораць пра старэйшае пакаленьне – бацькоў, дзядоў. Канешне ж, гэта выраз, які мае адмоўнае значэньне, аб якім я ўжо казала толькі што – пакаленьне, якое не разумее сучаснасьці, маладых людзей.

Dajcie mi się pospierać – дайце мне паспрачацца. Spierać się – гэта менавіта спрачацца, прадстаўляць сваю думку, якая адрозьніваецца ад меркаваньня іншых. Тут якраз няма адмоўнага кантэксту. «Spierać się» можна спакойна, выкарыстоўваючы рацыянальныя аргумэнты, больш адмоўнае значэньне мае выраз sprzeczać się – спрачацца, сварыцца.

Światło rzuсіć – праліць сьвятло, патлумачыць нешта.

Doradź mi, jak błędów nie popełniać – парай мне, як не рабіць памылак. На польскай мове памылкі можна рабіць (robić błędy) або ўчыняць (popełniać błędy).

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт