Logo Polskiego Radia
Print

Адмысловая сыстэма зьбірае сьмецьце на Ціхім акіяне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.09.2018 11:23
Сьмецьце стварыла плаваючую выспу плошчай у 1 млн 600 тысяч квадратных мэтраў.
https://www.theoceancleanup.com/technology/

У апошнія выходныя ў Сан-Францыска была спушчана на ваду адмысловая сыстэма, задача якой – скараціць памер Сьмецьцевай плямы на Ціхім акіяне. Паведаміла аб гэты на сваім вэб-сайце галяндзкая арганізацыя The Ocean Cleanup. Сьмецьце стварыла плаваючую выспу плошчай у 1 млн 600 тысяч квадратных мэтраў. Плянуецца, што сыстэма зьбярэ палову гэтага сьмецьця на працягу пяці гадоў.

Адзначым, што арганізацыя The Ocean Cleanup паўстала пяць гадоў таму па ініцыятыве 18-гадовага галяндца Бояна Слята (Boyan Slat).

Нагадаем, што ў цяперашні час па акіянах плавае пяць выспаў сьмецьця, пры гэтым выспа на Ціхім акіяне паміж Гаваямі й Каліфорніяй зьяўляецца самай вялікай.

Сыстэма складаецца з канструкцыі даўжынёй 600 мэтраў. Пасіўная тэхналёгія не патрабуе машын і рухавікоў – яна выкарыстоўвае для захопу адходаў натуральныя плыні, хвалі й вецер. Сыстэма гнуткая, і таму ўстойлівая на ўзьдзеяньне магчымых штармоў. Сабраны плястык будзе перавозіцца на бераг і паддавацца перапрацоўцы.

Канструктары сыстэмы заяўляюць, што яна здольная захапіць кавалкі плястыку памерам нават 1 мм, але й справіцца з вялікім сьмецьцем, такім як рыбалоўныя сеткі, якія могуць мець дзясяткі мэтраў даўжыні.

Арганізацыя The Ocean Cleanup вырашыла дa 2040 году сабраць на Ціхім акіяне 90 прац. сьмецьця.

Арганізатары кампаніі падкрэсьліваюць, што тэхналёгія не наносіць шкоды марскому навакольлю. Сыстэма рухаецца па акіяне на нізкай хуткасьці, таму марскія жывёлы могуць ад яе зьбегчы. А нават калі яны апынуцца недалёка, то лёгка праплывуць пад ёю. Больш за тое, сыстэма не выкарыстоўвае сеткі, так што няма ніякай небясьпекі, што там заблытаецца жывёла.

Першыя эфэкты сыстэмы ачысткі Ціхага акіяна павінны быць вядомыя да канца году. У 2020 годзе галяндзкая арганізацыя будзе пашыраць кампанію ачысткі іншых акіянаў. Наступным будзе Індыйскі акіян.

PAP/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт