Logo Polskiego Radia
Print

Польшча робіць стаўку на вадародны транспарт

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.10.2018 18:19
Аўтобусы Made in Poland ходзяць па вуліцах многіх эўрапейскіх гарадоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польская вугальная кампанія JSW рыхтуецца да кліматычнага саміту COP24, які пройдзе ў Катавіцэ ў сьнежні бягучага году.

З гэтай нагоды JSW прадэманструе аўтобус на вадародным паліве й мабільную станцыю запраўкі вадароду. Кампанія мяркуе, што ейныя коксавыя заводы ў недалёкай будучыні будуць вырабляць гэты газ для 800 аўтобусаў на вадарод. Аўтобус на час саміту ў Катавіцэ даставіць фірма Ursus. Наштодзень гэты транспартны сродак абслугоўвае пасажыраў у адным з гарадоў Нідэрляндаў.

У Катавіцэ аўтобус будзе вазіць удзельнікаў саміту з гатэляў на форум, а таксама ў турыстычныя месцы горада, такія, як гістарычны раён Нікішовец.

Кіраўніцтва вугальнай кампаніі JSW паведаміла, што фірма далучылася да асацыяцыі «Вадародная Эўропа». «Мы хочам прасоўваць вадарод у якасьці чыстага паліва будучыні», – сказаў старшыня кампаніі Даньель Озан.

У Польшчы два аўтамабільныя заводы вырабляюць аўтобусы на вадародных паліўных элемэнтах: «Solaris» і «Ursus». Аўтобусы Made in Poland ходзяць па вуліцах многіх эўрапейскіх гарадоў, бо ў Эўропе існуе вялікі попыт на такі від транспарту.

Польская кампанія JSW мае намер стаць важным пастаўшчыком вадароду ў Эўропе.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт