Logo Polskiego Radia
Print

20.10.1791 г. адбыліся Ўзаемныя Заручыны абодвух народаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.10.2018 12:21
  • 20.10.1791 г. адбыліся Ўзаемныя Заручыны абодвух народаў.mp3
Гэта быў дакумэнт, які вызначаў узаемаадносіны паміж ВКЛ і Каралеўствам Польскім.
By Stanisław August Poniatowski - http://www.polska.pl, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4059528

3-га траўня 1791 году Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай прыняў адзін з найважнейшых дакумэнтаў, а менавіта першую Канстытуцыю дзяржавы, якая ўвайшла ў гісторыю як Канстытуцыя 3 траўня. Важным аспэктам, які разглядала Канстытуцыя павінны былі быць узаемаадносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Таму, да Канстытуцыі былі далучаны адмысловыя інструкцыі, ці праўныя камэнтары, названыя “Узаемныя Заручыны абодвух народаў”.

Трэба адзначыць, што ў той час ў польска-літвінскім грамадзтве ішла барацьба двух палітычных праектаў: уніфікацыі й фэдэралізацыі.

Польская шлахта імкнулася да таго, каб Рэч Паспалітая была ўніфікавана то бок, сталася адной дзяржавай з адным народам. Літоўская шляхта імкнулася захаваць палітычную аўтаномію ВКЛ.

У выніку барацьбы “двух” накірункаў, у Канстытуцыі 3 траўня няма згадкі пра фэдэратыўнасьць, гаворка вялася пра “айчыну”, “Польшчу”, “польскі народ”. Гэта выклікала даволі моцны супраціў з боку беларуска-літоўскай шляхты, а ва ўмовах зьнешняпалітычных пагрозаў, гэта было вельмі небясьпечна.

“Заручыны” былі дадатковым канстытуцыйным актам, які меў важную палітычную вагу для Польшчы і ВКЛ.

Па-першае, Вялікае Княства Літоўскае захоўвала сваю палітычную суб’ектнасьць і прадстаўніцтва ў цэнтральных ворганах улады. Па-другое, захоўвалася асобная адмінстрацыйная структура ВКЛ, разам з гэтым ствараліся цэнтральныя ворганы кіраваньня ў вайсковай і скарбовай дзейнасьці.

Але “Заручыны” гарантавалі рэгулярную зьмену (ратацыю) старшыняў цэнтральных дзяржаўных ворганах улады, гаворка вядзецца перад усім пра Вайсковую і Скарбовую камісіі.

Варта падкрэсьліць, што менавіта “Заручыны” ў юрыдычным пляне захавалі фармулёўку “Рэч Паспалітае абодвух народаў”, якую польскія палітычныя дзеячы намагаліся скасаваць і пераўтварыць “Рэч Паспалітую” ў выключна польскую дзяржаву.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт