Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве створаны ўнікальны мэдыцынскі цэнтар

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.11.2018 09:48
Цэнтар створаны для пашырэньня ведаў як мэдыкаў, так і пацыентаў.
Baxter Education Center у ВаршавеBaxter Education Center у Варшавеscreen https://wideo.pap.pl/videos/36100/

У Варшаве паўстала адна з самых сучасных адукацыйных плятформаў у Эўропе Baxter Education Center (BEC), якім будуць карыстацца лекары й пацыенты.
Цэнтар займае плошчу ў 600 м2. На ёй лекары й мэдсёстры будуць праводзіць навучаньне ў розных галінах мэдыцыны для пацыентаў і іх родных з выкарыстаньнем перадавых тэхналёгій.

Цэнтар быў створаны з мэтай пашырэньня ведаў як мэдыкаў, так і пацыентаў у галіне анэстэзіялёгіі, інтэнсіўнай тэрапіі, хірургіі й анкалёгіі. Таксама можна будзе атрымаць у цэнтры веды адносна парэнтэральнага харчаваньня й замяшчальнай нырачнай тэрапіі.

Сучасны адукацыйны цэнтар дасьць магчымасьць абмену вопытам паміж мэдыцынскім пэрсаналам. У сваю чаргу пацыенты змогуць атрымаць тут прафэсійную дапамогу ад спэцыялістаў, каб даведацца як дзейнічае абсталяваньне, якое выкарыстоўваецца ў хатняй тэрапіі, і вывучыць як яго абслугоўваць.

Кшыштаф Паплаўскі, генэральны дырэктар Baxter Central Europe & Israel, расказвае, як узьнікла ідэя такога цэнтру.

К.Паплаўскі: Адукацыйныя цэнтры існуюць у Эўропе – у гэтым няма нічога асаблівага. Навіной зьяўляецца тое, якім чынам усё мы гэта спалучылі. У некага ў сьвеце ёсьць адукацыйныя залі, іншыя праводзяць навучаньне для пацыентаў, а мы спалучылі ўсё ў адным месцы.

Навучаньне будзе праводзіцца экспэртамі з Польшчы й замежжа. Унікальнасьць Baxter Education Center заключаецца ў выкарыстаньні перадавых тэхналёгій, такіх, як сучасныя мэтады перадачы гуку й карцінкі ды інтэрактыўныя кансультацыі 3Д падчас апэрацый. Гэта значыць, што падчас апэрацыі хірург зможа пракансультаваць у рэальным часе розныя праблемы са спэцыялістамі, якія будуць знаходзіцца ў цэнтры.

Прафэсар Рышард Гелерт (Ryszard Gellert), нацыянальны кансультант у галіне нэфралёгіі й дырэктар Цэнтра пасьлявузаўскай мэдыцынскай адукацыі, адзначае, што новы цэнтар дасьць магчымасьць пацыентам праверыць інфармацыю, якую яны атрымалі ў іншых крыніцах, а для мэдыкаў стварае магчымасьць вывучыць новыя апараты й тэхналёгіі

Р.Гэлерт: Мэдык мусіць вучыцца пастаянна, гэты працэс працягваецца ўсё жыцьцё. Гэта пытаньне этыкі лекара, каб увесь час вучыцца й быць у курсе. Калі зьяўляецца новы апарат, то трэба навучыцца карыстацца ім. Такі цэнтар як гэты, дае мэдыкам шанцы вывучыць новую тэхналёгію й практыкавацца не на пацыенце, а на муляжы й на даступных тут прыладах.

Прафэсар Станіслаў Клэнк (Stanisław Kłęk), старшыня парэнтэральнага харчаваньня, чакае, што Baxter Education Center дапаможа пашырыць веды пра гэты від лячэньня.

С.Клэнк: Гэта ня проста харчаваньне й рэкамэндацыя, чым пацыент павінен харчавацца - гутарка ідзе пра мэдыцынскую інтэрвэнцыю, якую можна праводзіць праз стрававальную сыстэму або праз вены. У гэтай галіне яшчэ трэба шмат зрабіць, таму што ў мэдыцынскім унівэрсытэце няма прадмету «парэнтэральнае харчаваньне». Усе веды можна перадаць толькі ў сыстэме пасьлявузаўскай адукацыі. Нам трэба пашыраць інфармацыю, што існуе такі від лячэньня. Дзякуючы цэнтру мы зможам гэта зрабіць, ды нават больш - мы зможам спалучыць розныя сфэры мэдыцыны.

Парэнтэральнае харчаваньне ў хатніх умовах ратуе жыцьцё й дазваляе хворым функцыянаваць. Сёньня ў Польшчы такіх пацыентаў больш за адну тысячу чалавек, у тым ліку 400 дзяцей.

Прафэсар Клэнк спадзяецца, што Baxter Education Center у Варшаве стане месцам абмену інфармацыяй і адукацыі як пацыентаў, іх сем’яў, так і мэдыкаў.

Дадатковай задачай гэтага цэнтру зьяўляецца скарачэньне празьмернай і часам непатрэбнай шпіталізацыі й пашырэньне магчымасьці хатняга лячэньня.

PAP/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт