Logo Polskiego Radia
Print

Ня варта ашчаджаць на добрых аўтамабільных шынах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.11.2018 15:33
  • шыны.mp3
Ад шынаў можа залежаць, ці кіроўца, пасажыры або пешаходы выжывуць, калі здарыцца ДТЗ.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Клімат у нашай частцы сьвету ўласьцівы тым, што тэмпэратура летняй і зімовай парою значна адрозьніваецца. Летам горача, зімой часта здараецца мароз і сьнег. У адказ на гэтыя складаныя ўмовы вытворцы аўтамабільнай тэхнікі прапануюць два розныя камплекты шынаў для легкавых машын – адзін на халодную пару году, а другі – на лета, цёплую вясну і восень. Ці сапраўды гэта неабходнасьць, ад якой залежыць бясьпека кіроўцы ды пасажыраў, ці, можа, два розныя камплекты даюць толькі падзарабіць вытворцам аўтамабільнай гумы?

Гэтае пытаньне Польскае радыё задало вядомаму ў Польшчы аўтамабільнаму блёгеру, аўтару кнігі пра эксплёатацыю аўтамабіля – Міхалу Есяноўскаму. Паводле ягоных слоў, варта раз у паўгоду мяняць камплект шынаў.

М. Есяноўскі: У нашы часы назіраецца дынамічнае разьвіцьцё тэхналёгіі. Некаторыя кажуць, што вытворцы шынаў адмыслова робяць розныя камплекты, каб людзі давалі ім больш зарабіць. Не, гэта ня так. Шыны на розныя поры году робяцца з розных матэрыялаў, інакш гума рэагуе ў высокай тэмпэратуры, інакш у нізкай, таму яны і павінны быць розныя. Летнія пакрышкі пры такой тэмпэратуры, якая назіраецца цяпер на дварэ, страчвае свае ўласьцівасьці, магчымасьць эфэктыўна тармазіць. Шлях тармажэньня можа быць на некалькі мэтраў большы, чым адмысловых шынаў, прызначаных на халодную пару году. А гэтыя дадатковыя некалькі мэтраў тармажэньня могуць вырашаць, ці кіроўца і пасажыры выжывуць у ДТЗ, або ці пешаход, які ўвойдзе на дарогу, застанецца ў жывых.

Спэцыяліст гаворыць, што як вытворцы аўтамабільных шынаў, так і розныя іншыя арганізацыі ці ўстановы праводзяць свае тэсты, правяраюць, на колькі адрозьніваецца даўжыня тармажэньня аўтамабіля на летніх і зімовых пакрышках.

М. Есяноўскі: Тармазны шлях адрозьніваецца значна на гуме найлепшай якасьці й на шыне тыпу «кітаеец», невядомай маркі. Розьніца складае нават больш за 10 мэтраў, 2-3 даўжыні машыны. Гэта вялізная розьніца. Так выглядае сытуацыя на мокрай дарозе, а на сухой таксама ёсьць адрозьненьне ў 7-9 мэтраў. Гэта шмат.

На рынку вялізны выбар розных шынаў, і цана значна адрозьніваецца. Часам пакупнік ня можа рашыцца, які камплект выбраць – спакушае магчымасьць зэканоміць крыху грошай. Ці варта купляць шыны ў невядомых пастаўшчыкоў, ад невядомых вытворцаў? Яны, канешне, таньнейшыя, але і якасьць будзе горшай.

М. Есяноўскі: Розьніца ў цане бывае сапраўды вялікая. Скажам, шыны дыямэтрам у 16 цаляў – цана самых добрых, якасных шынаў і тых ад невядомага, «кітайскага» вытворцы можа адрозьнівацца нават у два разы. Трэба яшчэ сказаць, што калі гэта адносна танная гума, але саліднай вядомай фірмы, то можна яе сьмела купляць, паколькі яна выконвае ўсе неабходныя нарматывы. У сваю чаргу купляючы шыны невядомай маркі, мы вельмі рызыкуем. Мне здарылася калісьці так зрабіць, новыя шыны выглядалі выдатна, але праз год яны былі ўжо цалкам сьцёртыя, «лысыя», паколькі гума была дрэннай якасьці.

Міхал Есяноўскі кажа, што аўтамабіль патрабуе ад чалавека адказнасьці і сьвядомага падыходу да рэчы, якая можа стаць сьмяротна небясьпечным інструмэнтам на дарозе. А ўрады дзяржаў стараюцца ўзбудзіць у людзях адказнасьць, уводзячы неабходнасьць пэўных дзеяньняў. У Эўропе трэба па закону мяняць шыны, хаця, скажам, у ЗША мала хто мяняе гуму.

М. Есяноўскі: У Эўропе ёсьць абавязак мяняць шыны на колах у адпаведную пару году, інакш пагражае высокі штраф. Дарэчы, у мяне ўласная аўтамабільная майстэрня, і я сваімі вачыма бачу, на колькі безадказнымі бываюць уладальнікі машын. Некаторыя поўнасьцю ігнаруюць бясьпеку – шыны на іх машынах цалкам лысыя, на іх пухіры, вылазяць нейкія драты і г.д. Іншыя зусім не кантралююць ціску паветра ў колах, а калі здараецца трагедыя, то яны не разумеюць, як гэта было магчыма.

Міхал Есяноўскі зьвяртае ўвагу таксама на тое, што тэрмін эксплёатацыі аўтамабільнай гумы даволі абмежаваны – вытворца дае гарантыю на 5 гадоў, таму лепш не купляць ужываных шынаў, паколькі цяжка прадбачыць, у якім стане матэрыял, і колькі шыны яшчэ паслужаць. На кожнай шыне з боку ёсьць дата вытворчасьці.

У Беларусі па ўказе прэзыдэнта з 1 сьнежня па 1 сакавіка аўтамабіль павінен быць аснашчаны зімовымі шынамі. Праўда, у краіне сьнег здараецца яшчэ і ў траўні, таму вясной лепш не сьпяшацца з візытам у мэханіка. А вось зімовыя шыны трэба паставіць, калі тэмпэратура падае ніжэй за 7 градусаў Цэльсія.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт