Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.12.2018 16:01
  • Szepty i łzy A. M.Jopek.mp3
Анна Марыя Ёпэк расказвае пра сваю тугу вербам, якія вераць шэпту і сьлязам.
www.pixabay.com

У гэтай рубрыцы гучала ўжо песьня Анны Марыі Ёпэк, але сёньня я хачу прыгадаць творчую дзейнасьць польскай музыканткі. Нарадзілася яна ў Варшаве ў 1970 годзе. Дачка славутага музыканта Станіслава Ёпэка і Марыі Станкевіч, якія выступалі ў Ансамблі песьні і танца «Мазоўша». Артыстычныя гены праявіліся ў дзяўчынкі хутка. Яна вучылася ў музычнай школе ў Варшаве, закончыла таксама факультэт джазу ў Музычнай школе ў Нью-Ёрку. Яе талент быў высока ацэнены варшаўскім таварыствам імя Фрыдэрыка Шапэна і нью-ёрскім Columbia University. Атрымаўшы стыпэндыю, Ёпэк паехала вучыцца ў ЗША. Магчыма, дзякуючы гэтаму пясьнярка магла пачаць міжнародную кар’еру. Яна выдала два кампакт-дыск на ангельскай мове, запісала таксама кружэлку разам з амэрыканскім гітарыстам Патрыкам Мэтыні. Неўзабаве пасьля прэм’еры дыск атрымаў статус залатой кружэлкі.

Пад канец 90-ых Анна Марыя Ёпэк прадстаўляла Польшчу на конкурсе песьні Эўрабачаньне. Заняла 11-ае месца. Дарэчы, на конкурс з Польшчы езьдзяць усё менш вядомыя выканаўцы. Можа таму, што ані разу яшчэ не ўдалося перамагчы прадстаўніку польскай дзяржавы, незалежна ад таго, ці гэта быў прызнаны, ці зусім невядомы выканаўца.

У прыватным жыцьці пясьнярка знайшла сваё шчасьце. Яна выйшла замуж за вядомага ў Польшчы кампазытара, музычнага журналіста, паэта, падарожніка і проста прыгожага мужчыну Марціна Кыдрыньскага. У іх двое сыноў. Быў час, калі здавалася, што гэты саюз вось-вось распадзецца, паколькі Марцін шмат зьяжджаў з дому, часта жыў у Партугаліі, дзе яны купілі дом. Дзеці ўжо практычна дарослыя, усё менш зьвязваюць бацькоў, якія пачалі здраджваць адзін аднаму. Але, здаецца, крызіс прайшоў, цяпер Анна Марыя і Марцін зноў сышліся, працуюць разам над песьнямі. Яны – як агонь і вада, вельмі розныя характары, але якраз супрацьлеглыя тэмпэрамэнты часта прыцягваюць адзін аднаго.

А я прапаную вам песьню, словы якой напісаў Марцін Кыдрыньскі, музыку – Войцех Кіляр, сьпявае Анна Марыя Ёпэк. «Шэпт і сьлёзы».

Słońce na niebie gaśnie za rzeką
Zmierzch ma zapach siana i snu
Pójdę przed siebie, pójdę daleko
Za ostatni las białych brzóz

Pójdę daleko, pójdę na łąki
Malowane złotem i rdzą
Zwierzę się wierzbom z naszej rozłąki
Wierzby wierzą szeptom i łzom

Tęsknię za Tobą, płaczę po Tobie
Płaczą ze mną rosy i mgły
W ciszy drżą słowa, których nie powiem
Bo rozumiesz je tylko Ty

Pójdę daleko, pójdę na łąki
Malowane złotem i rdzą
Zwierzę się wierzbom z naszej rozłąki
Wierzby wierzą szeptom
Wierzby wierzą szeptom
Wierzby wierzą szeptom i łzom

Сонца на небе гасьне за ракой, у зьмярканьня пах сена і сну. Я пайду куды вочы глядзяць, пайду далёка, за апошні лес белых бяроз. Пайду далёка, пайду на лугі, маляваныя золатам ды іржой. Падзялюся сваімі думкамі зь вербамі, раскажу пра нашу разлуку. Вербы вераць шэпту і сьлязам.

Я сумую па табе, я плачу па табе. Плачуць са мной росы і туман. У цішыні дрыжаць словы, якіх я не скажу, бо разумееш іх толькі ты.

Я пайду далёка, пайду на лугі, маляваныя золатам ды іржой. Раскажу вербам пра нашу разлуку. Вербы вераць шэпту і сьлязам.

У гэтай кампазыцыі няшмат словаў, але я хачу зьвярнуць увагу перш за ўсё на множны і адзіночны лік і розьніцы ў беларускай ды польскай мовах.

Szepty i łzy – у польскай мове, у адрозьненьні ад беларускай, ёсьць множны лік слова шэпт – шэпты, хаця ёсьць таксама і адзіночны лік. Па-беларуску хутчэй нельга сказаць шэпты, толькі адзін шэпт, а для палякаў ёсьць і адно, і другое – і адзін шэпт, і шмат шэптаў. Таксама як сьлёзы – можа быць адна сьляза і шмат сьлёз.

Pójdę przed siebie – што азначае гэты сказ? Pójść przed siebie – гэта значыць пайсьці кудысьці без акрэсьленай мэты, проста туды, куды вочы глядзяць.

Zwierzę się wierzbom z naszej rozłąki – я раскажу вербам пра нашу разлуку. Zwierzyć się – гэта не зусім тое ж самае, што расказваць. Тут ёсьць эмацыйны складнік – можна расказваць без эмоцый, спакойна, а вось zwierzać się – гэта «раскрываць душу». Казаць, што нам баліць, што найбольш кранае. Для аўтара песьні гэта была разлука, невядома з кім, відаць, з каханым.

Tęksknię za tobą, płaczę po tobie – я сумую па табе, я плачу па табе. На беларускую мову я пераклала з адным і тым жа прыназоўнікам па, а на польскай мове гаворыцца tęsknić za kim, але płakać po kim.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт