Logo Polskiego Radia
Print

На арбіту Зямлі быў запушчаны польска-фінскі спадарожнік

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.12.2018 15:41
  • 13.12.18_навука.mp3
Польская кампанія Creotech Instruments адказвае за электроніку аб'екта.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польская кампанія Creotech Instruments удзельнічае ў будове спадарожнікаў для фінскай кампаніі ICEYE і адказвае за падрыхтоўку электронікі гэтых аб'ектаў.

Праект, які польская кампанія ажыцьцяўляе разам з фінскай фірмай ICEYE, ахоплівае запуск 18 спадарожнікаў радыёлякацыйнага распазнаваньня. Калі яны ўсе будуць знаходзіцца ў космасе, то кожныя 3 гадзіны будуць сканаваць паверхню нашай плянэты і прысылаць здымкі з усяго сьвету.

Пра задачы расказвае Яцэк Косець з Creotech Instruments.

Я.Косец: Спадарожнік, разьмешчаны на блізкай арбіце ў некалькі сотнях кілямэтраў над Зямлёю, будзе рабіць вельмі дакладныя здымкі Зямлі. Гэта істотна дзеля распазнаньня розных аб’ектаў на плянэце. Наш сатэліт, які важыць 85 кіляграмаў, можа зрабіць здымкі з дакладнасьцю да 3 мэтраў. Дагэтуль гэта было немагчыма, паколькі спадарожнікі, якія маглі рабіць настолькі дакладныя здымкі, важылі некалькі сотняў кіляграм. У сьвеце існуюць яшчэ больш дакладныя спадарожнікі, але гэта ўжо магутныя ваенныя сатэліты, якія скануюць з дакладнасьцю да 1 мэтра. Наш спадарожнік невялікі і таму танны, бо яго збудаваньне і запуск на арбіту каштуе ў 20 разоў менш, чым дагэтуль бывала ў выпадку «цывільных» спадарожнікаў. Гэта вельмі істотна, бо цяпер мы можам стварыць «сузор’е» спадарожнікаў, што дае магчымасьць амаль пастаянна назіраць за дадзеным месцам на Зямлі.

Нагадаем, запушчаны на пачатку сьнежня фінскай кампаніяй ICEYE спадарожнік радыёлякацыйнага распазнаваньня зьяўляецца першым у сэрыі. У будучым годзе будуць запушаны яшчэ некалькі. Электроніку для гэтых спадарожнікаў распрацавала польская кампанія Creotech instruments.

яс

Эфірны выпуск навукова-тэхнічнай перадачы ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт