Logo Polskiego Radia
Print

Рыхтавацца да паездкі ў горы трэба 6-8 тыдняў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.01.2019 13:45
  • лыжы.mp3
Калі хочам паезьдзіць на лыжах або снаўбрдзе, то павінны падумаць пра падрыхтоўку загадзя.
photo: www.pixabay.com/pasja1000/CC0 Creative Commons

У студзені ды лютым многія палякі адпраўляюцца на зімовы адпачынак у горы. У гэтыя месяцы ў школьнікаў канікулы (у розны пэрыяд у залежнасьці ад ваяводзтва), таму бацькі прымяркоўваюць нярэдка і свой водпуск да дадзенага часу.

Горы – гэта цудоўна. Зімовы адпачынак можа даць нам шмат энэргіі і сілы да дзейнасьці на бліжэйшыя месяцы. Тым ня менш, зімовыя віды спорту могуць быць небясьпечнымі для здароўя, лёгка атрымаць траўмы, асабліва на лыжах або снаўбордзе. Ужо першае падзеньне можа закончыцца парваным сухажыльлем або пашкоджаным суставам. Таму абсалютна нельга станавіцца на лыжы адразу пасьля тыдняў, а нават месяцаў сядзячай працы, калі нашы цягліцы амаль што не працуюць.

Аб тым, як падрыхтавацца да лыжнага сэзону, распавядае артапэд Артур Пісарскі.

А. Пісарскі: Лепш за ўсё, каб мы былі актыўнымі цэлы год, каб пастаянна займаліся спортам – езьдзілі на ровары, бегалі і г.д. Нельга забываць, што лыжы – гэта спорт, які патрабуе даволі вялікай фізычнай сілы, а тым больш – снаўборд. Калі ж мы цэлы год сядзім за сталом, у нас сядзячая, нерухомая праца, а выяжджаем толькі адзін-два разы ў год, то ў нас можа лёгка здарыцца траўма. Неабходна пачаць трэніравацца за 6-8 тыдняў да выезду на лыжы. Перш за ўсё трэба павысіць сваю фізычную выносьлівасьць, сілу мышцаў, палепшыць каардынацыю рухаў. Гэта практыкаваньні ня толькі на павышэньне сілы ног, але таксама рук, пазваночніка, паляпшэньне рухомасьці суставаў. Трэба агулам палепшыць нашу фізычную форму.

Калі хтосьці хоча вельмі старанна падрыхтавацца да выезду на горныя лыжы, ён павінен падумаць аб гэтым загадзя, за некалькі тыдняў, а нават месяцаў да канікулаў. Найлепш, канешне, запытаць трэнэра, папрасіць, каб ён падабраў нам адпаведныя практыкаваньні, але кожны рух добры – кажа доктар. Перш за ўсё гэта практыкаваньні, якія ўзмацняюць агулам цела.

А. Пісарскі: Гэта гімнастычныя практыкаваньні, якія ў агульным пляне разьвіваюць выносьлівасьць і сілу арганізму. Зразумела, ня кожны з нас у стане зрабіць хаця б некалькі прысяданьняў або адціснуцца, але кожны можа зьвярнуцца да трэнэра, каб ён паказаў яму, якія практыкаваньні ў яго выпадку неабходныя, каб падрыхтаваць арганізм. Можна зьвярнуцца і да фізіятэрапэўта, які таксама дапаможа падабраць практыкаваньні. Важна, каб гэта былі адпаведныя для нас практыкаваньні, і каб іх правільна выконваць.

Снаўборд і горныя лыжы – гэта падобныя віды спорту, але калі здарыцца выпадак, то як правіла бываюць крыху іншыя траўмы, – гаворыць спэцыяліст.

А. Пісарскі: На снаўбордзе і лыжах здараюцца розныя траўмы. На лыжах часьцей за ўсё здараюцца вывіхі каленнага суставу, а на снаўбордзе – траўмы верхніх канечнасьцяў. Якія траўмы здараюцца часьцей за ўсё? Гэта вывіхі канечнасьцяў. Калі здарыцца такі выпадак, то перш за ўсё неабходна зрабіць рэнтгенаўскі здымак, каб пераканацца, што няма пералому. Другое важнае дасьледаваньне – ультрагукавы аналіз або абсьледаваньне магнітна-рэзананснай тамаграфіяй.

Рэдка хто перад выездам на лыжы «пракручвае» нэгатыўныя сцэнары – што рабіць, калі здарыцца нешчасьлівае здарэньне, сур’ёзная траўма, падзеньне. Канешне, лепш, каб нічога такога не здарылася, але кожны горны лыжнік ды агулам спартсмэн павінен быць падрыхтаваны да розных нечаканых сытуацый. Калі мы бачым, што з кімсьці нешта здарылася, трэба перш за ўсё аказаць яму першую дапамогу.

А. Пісарскі: У першую чаргу неабходна паклапаціцца, каб месца, дзе ляжыць ахвяра здарэньня, было бясьпечным. Трэба пазначыць яго нейкім чынам, каб не здарыўся чарговы выпадак. Напрыклад, можна паставіць за месцам здарэньня перакрыжаваныя лыжы. Пазьней трэба ацаніць, ці пашкоджаны чалавек знаходзіцца ў стане прытомнасьці, праверыць, ці няма відавочных пераломаў. Калі чалавек ня можа рухаць ніжняй канечнасьцю, неабходна яе стабілізаваць – напрыклад, прывязаць да яе лыжную палку. Можна прыкладваць сьнег, які супакойвае боль і зьмяншае прыпухласьць. І, канешне ж, выклікаем дапамогу.

Хтосьці, слухаючы пра траўмы на лыжным схіле, можа падумаць – маўляў, навошта пужаць людзей, трэба казаць пра прыгожы бок спорту, а не адмоўны. Гэта так, лыжы і агулам спорт могуць даць чалавеку шмат радасьці, але пры ўмове, што ўсё робіцца разумна і з адпаведнай дозай пэсымізму, які разумеецца як уменьне прадбачыць магчымыя наступствы. А пра тое, як падрыхтавацца да горных лыжаў, і як паступаць пры нешчасьлівым выпадку, распавёў артапэд Артур Пісарскі.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт