Logo Polskiego Radia
Print

Сьпеў вельмі карысны для здароўя

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.01.2019 17:25
  • 10.01.19_навука.mp3
Францускія вучоныя дасьледавалі пытаньне ўзьдзеяньня сьпеву на здароўе чалавека.
Выступ фольк-гурту "РАДА" на фэстывалі "Варшаўская мазаіка" Выступ фольк-гурту "РАДА" на фэстывалі "Варшаўская мазаіка" Aliaksandr Papko/radyjo.net

Францускія вучоныя дасьледавалі пытаньне ўзьдзеяньня сьпеву на здароўе чалавека і даказалі, што сьпяваць вельмі карысна. Сьпеў аказвае дабрадзейны ўплыў як на фізычны, так і псыхічны стан здароўя. Людзі, якія сьпяваюць штодзень, жывуць даўжэй.

Падчас сьпеву інакш працуюць мышцы твару, што запавольвае паўставаньне маршчын, а калі яшчэ чалавек сьпявае гучна – лепш працуюць лёгкія і дыяфрагма.

Пацьвярджае гэта вакалістка й настаўніца сьпеву Караліна Бласік:

К.Бласік: Падчас працэсу актыўнага дыханьня актывізуюцца мышцы грудной клеткі й сьпіны. Больш эфэктыўна пастаўляецца кісларод у кожную клетку арганізма, сэрца працуе больш спраўна, таксама лёгкія. Вядома, што калі даем больш кіслароду клеткам, то ў нас больш энэргіі.

Гэтак уплывае сьпеў на працу арганізму. Доктар Войцех Марушак тлумачыць, якім чынам сьпеў папраўляе псыхічны стан.

В. Марушак: Сьпеў перш за ўсё разрывае блуднае кола думак, чалавек перастае думаць пра тое, што яго хвалявала цэлы дзень, а магчыма і тыдзень, ці два. Гэты паток думак спыняецца і розум пачынае адпачываць. Вобразна кажучы, калі мы сьпяваем, наш розум кладзецца на канапу і заяўляе: „Я цяпер адпачываю ад цяжкой работы”. Падчас сьпеву лепш працуе дыяфрагма, мышцы жывата, у выніку растуць магчымасьці дыхальнай сыстэмы. Заадно павышаецца выносьлівасьць арганізму на фізычны высілак. Таксама паўстаюць пазытыўныя эмоцыі, павышаецца вытворчасьць эндарфін, то бок гармонаў шчасьця. У выніку расьце пачуцьцё шчасьця. Карацей, калі сьпяваем, мы адчуваем сябе шчасьлівымі.

Знаўцы падкрэсьліваюць, што карысна сьпяваць гучна.

PR3/Томаш Еленьскі/яс

Эфірны выпуск перадачы "Навука й тэхніка" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт