Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.01.2019 14:44
  • Wiosna nie ominie cię A. Krzysztoń.mp3
Антаніна Кшыштань абяцае, што вясна ня пройдзе каля нас стараной.
www.pixabay.com

Прозьвішча Антаніны Кшыштань (Antonina Krzysztoń) ёсьць у сусьветнай віртуальнай энцыкляпэдыі (Вікіпэдыі), але зьвестак пра яе ня вельмі шмат. Відаць, можна быць славутым чалавекам, але пры гэтым сьціплым і заставацца амаль што ананімным.

Спадарыня Антаніна нарадзілася ў чэрвені 1954 году ў Кракаве на поўдні Польшчы. Так што гэта ўжо заслужаная артыстка, ня толькі выканаўца песьняў, але таксама кампазытарка ды аўтарка тэкстаў. Музычную кар’еру пачала даволі позна, ва ўзросьце 27 гадоў на Праглядзе сапраўднай песьні ў Гданьску. У 80-ыя гады часта выступала на апазыцыйных музычных сустрэчах, сьпявала таксама ў Кабарэ пад Эгідай, зьяўляецца сябрам Асацыяцыі свабоднага слова, пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча часта выступала таксама ў касьцёлах і прыватных кватэрах.

У Польшчы такую разнавіднасьць музычнай творчасьці, якой займаецца Кшыштань, называюць сьпяванай паэзіяй, інакш – паэтычнай песьняй. У яе творчасьці шырока прысутнічае рэлігійная тэматыка.

Антаніна Кшыштань зьяўляецца ляўрэаткай шматлікіх творчых узнагарод, таксама яна атрымала Ордэн Адраджэньня Польшчы ад прэзыдэнта Леха Качыньскага. А вашай увазе кампазыцыя ў выкананьні музыканткі, якая называецца «Wiosna nie ominie cię». Песьня ўпершыню паявілася на кампакт-дыску пад назваю «Turkusowy stół», выдадзеным у 2010 годзе. Перад гэтым сьпявачка цэлыя шэсьць гадоў маўчала, не радавала сваіх фанаў новымі кружэлкамі. І вось, як распавядала сама Антаніна, яна за год да выхаду дыску паехала ў манастыр, каб супакоіцца. І там за шэсьць дзён напісала шэсьць песьняў, якія і стала падставай новай кружэлкі. Аўтарам усіх тэкстаў ды музыкі да ўсіх кампазыцый зьяўляецца сама Антаніна Кшыштань.

Nie odejdę stąd, o nie,

czy chcesz tego czy też nie.

Będę tutaj tkwić i tkwić,

aż uwierzysz mi.

Wiosna nie ominie cię,

czy chcesz tego czy też nie.

Proszę o nią setny raz

nie omijaj nas, spójrz...

Na przystanku tylko my,

nasze nie wyśnione sny

taki bóg mały na raz

wiosny czas.

Wiosna, wiosna przyszła dziś,

śmiejąc w oczy patrzysz mi,

zieloniutkie listki trzy

dajesz mi.

Я не сыду адсюль, о, не, ці ты гэтага хочаш, ці не. Я буду тут тарчаць і тарчаць, да таго часу, калі ты мне паверыш. Вясна цябе не абыдзе стараной, ці ты гэтага хочаш, ці не. Я прашу яе ўжо соты раз – не абыходзь нас, паглядзі...

На прыпынку толькі мы. Нашы сны, якія не прысьніліся. Такі малы Бог на раз, на вясны час. Вясна, вясна прыйшла сёньня. Сьмеючыся, ты глядзіш мне ў вочы. Зялёненькія тры лісточкі травы даеш мне.

Я не сыду адсюль, о, не...

Nie odejdę stąd – я не сыду адсюль, я не пайду адсюль. Слова odejść носіць, так сказаць, канчатковы характар. Гэта значыць, што калі хтосьці адышоў (odszedł), то ён ужо хутчэй за ўсё ня вернецца. Так можна сказаць пра чалавека, які памёр, гэта значыць, на заўсёды адышоў з гэтага сьвету, але таксама так гаворыцца скажам, пра чалавека, які пакінуў сваю сям’ю або сваю жонку (мужа).

Będę tutaj tkwić i tkwić – гэта адваротная сытуацыя, чым у папярэднім прыкладзе. Калі хтосьці дзесьці tkwi (тарчыць, знаходзіцца, зьмяшчаецца), то гэта значыць, што ён не зьбіраецца хутка зьмяніць дадзеную сытуацыю або можа і хацеў бы, але няма такой магчымасьці.

Już pięć lat tkwię w tym bagnie i końca nie widać – Я ўжо пяць гадоў тарчу ў гэтым балоце, і канца не відаць.

Wiosna nie ominie cię – вясна не абыдзе цябе, або ня пройдзе стараной. У сярэдзіне зімы, у мароз, чалавеку трэба часта прыгадваць, што вясна прыйдзе, ня пройдзе побач, а напэўна завітае ў нашую старонку.

Proszę o nią setny raz – я прашу аб ёй соты раз. Палякі, калі нешта просяць, то просяць o coś, у беларускім адпаведніку гэта як правіла дзеяслоў (напрыклад, proszę o ciszę – я прашу быць ціха, proszę o podwyżkę – я прашу павысіць мне заробак), але тут я пераклала даслоўна – аб ёй, можна, канешне перакласьці «я прашу, каб прыйшла вясна», але гэта ўжо надта творчы пераклад.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт