Logo Polskiego Radia
Print

1-2 лютага 1946 г. адбылася пацыфікацыя беларускіх вёсак на Беласточчыне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.02.2019 12:54
  • 2.02.1946_Райс.mp3
"Буры" загадаў зьнішчыць тры беларускія вёскі: Шпакі, Зане, Каньцавізна.
Рамуальд Райс "Буры"Рамуальд Райс "Буры"pl.wikipedia.org/Domena Publiczna

Гэтыя падзеі адбыліся ў выніку антыкамуністычнай дзейнасьці дзьвюх польскіх партызанскіх арганізацыяў Армія Краёва і Нацыянальнае вайсковае аб’яднаньне. Гэтыя аб’яднаньні на Беласточчыне знаходзіліся пад камандаваньнем Рамуальда Райса, псэўданім «Буры».

Бельска-падляскі павет, а менавіта там разгарнуліся гэтыя трагічныя падзеі, быў вельмі разнастайны па свайму этнічнаму складу.

45% насельніцтва (86 тысяч) гэта былі праваслаўныя беларусы. У гэты пэрыяд пачаўся працэс перасяленьня жыхароў з тэрыторыі Беласточчыны ў савецкую Беларусь, у выніку таго, што Беластоцкая вобласьць была прызнана Польскай Рэспубліцы. Беларусы з гэтай тэрыторыі не жадалі пакідаць свае родныя месцы. Таму, акцыя АК/НВА ставіла мэтай стварэньне атмасфэры страху, якая б змусіла беларускіх жыхароў да выезду ў СССР.

Менавіта пад пагрозай расправы жыхары вёсак Сыпне Новэ пакінулі вёску, а праваслаўнае насельніцтва вёскі Дрохлін прымусілі прыняць каталіцызм.

1 лютага Рамуальд Райс выдаў загад па зьнішчэньню трох беларускіх вёсак: Шпакі, Зане, Каньцавізна. 1 лютага была пацыфікавана вёска Шпакі, былі забітыя 5 жыхароў. Польскія партызаны пакінулі ўлёткі, у якой загадвалася беларусам пакінуць вёску на працягу 14 дзён.

2 лютага быў зьдзейсьнены напад на Зане і Каньцавізна.

У Зане польскія партызаны пачалі падпальваць дамы, дзе жылі праваслаўныя, у тых, хто выбягаў з дамоў партызаны стралялі. У выніку загінулі 24 асобы, таксама была падпалена Каньцавізна, але нейкім цудам там ніхто ня быў забіты.

На пачатку 90-х гадоў некаторыя польскія актывісты й арганізацыі спрабавалі скінуць віну за дзеяньні АК і Нацыянальнага вайсковага аб’яднаньня на жыхароў вёсак. Нібыта, яны варожа ставіліся да дзейнасьці польскіх партызанаў, і супрацоўнічалі з камуністамі. Аднак Інстытут нацыянальнай памяці адкінуў гэтыя вэрсіі, і ў абгрунтаваньні напісаў: "пацыфікацыі вёсак у студзені –лютым 1946 г нельга называць барацьбой за незалежны быт дзяржавы, таму што яна мае прыкметы генацыду".

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт